Керымаў можа і не прадаць долю ва «Уралкаліі»
07.11.2013 / 09:32
Здзелка па продажы пакета акцый у ААТ «Уралкалій», якія належаць Сулейману Керымаву, можа не адбыцца.
Пра гэта паведамляе расійскае інтэрнэт-выданне «Газета.Ru» са спасылкай на неназваныя дасведчаныя крыніцы
Суразмоўцы «Газеты.Ru» выказваюць сумненне ў тым, што Сулейман Керымаў у выніку расстанецца з пакетам акцый ва «Уралкаліі». А перамовы па яго продажы маглі быць толькі «дымавой завесай» для вырашэння пытання аб вяртанні гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, які знаходзіцца пад дамашнім арыштам у Мінску, у Расію.
«Калі экс-уладальнік кампаніі Дзмітрый Рыбалоўлеў прадаваў сваю долю [Керымаву], улады фактычна прызначылі Сулеймана Керымава кіраўніком гэтага пакета. І калі б пытанне стаяла менавіта ў тым, каб змяніць уладальніка, Керымаў ужо даўно прадаў бы свае акцыі «Уралкалія», — цытуе выданне кіраўніка Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанціна Сіманава.
Блізкія да ўрада РФ і да «Уралкалія» крыніцы «Газеты.Ru» таксама выказваюць сумненне ў тым, што ў выпадку вяртання Баўмгертнера ў Маскву яго чакае рэальны крымінальны пераслед.
Гэта ўскосна пацвярджае той факт, што 31 кастрычніка Баўмгертнер быў уключаны ў спіс кандыдатур для галасавання па выбарах у савет дырэктараў «Уралкалія».
Акрамя таго, паведамляе выданне, верагоднасць продажу Керымавым 21,75% долі ва «Уралкаліі» рэзка зменшылася. «Праблема ў тым ліку і ў тым, што складана знайсці пакупніка. Было вялікае жаданне ў кітайцаў, але ім не далі», — гаворыць неназваная крыніца «Газеты.Ru».
Паводле яе слоў, Уладзімір Пуцін, які «коратка» абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам у канцы верасня тэму «Уралкалія» (пасля чаго Баўмгертнера адпусцілі з СІЗА пад дамашні арышт), ухіліўся ад вырашэння праблемы на вышэйшым палітычным узроўні.
Ва «Уралкаліі» 5 лістапада адмовіліся адказваць на пытанні выдання аб тым, ці ідуць перамовы аб продажы пакета Керымава і хто з'яўляецца верагодным пакупніком.
Нагадаем, размова аб тым, што саўладальнік «Уралкалія» Сулейман Керымаў збіраецца прадаць свае 21,75% акцый у кампаніі ідуць з таго часу, як Следчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачанні.
8 верасня з'явілася інфармацыя пра магчымы продаж пакета Керымава ва «Уралкаліі» банкіру Уладзіміру Когану. 9 верасня гэту інфармацыю абверг афіцыйны прадстаўнік фінансава-прамысловай групы «Нафта Масква» Антон Аверын.
25 верасня стала вядома, што кітайскі суверэнны фонд Chengdong Investment Corporation (CIC) у выніку канвертацыі аблігацый у звычайныя акцыі набыў 12,5% акцыянернага капіталу «Уралкалія».
У гэты ж дзень з'явілася інфармацыя пра тое, што група «Анэксім» мільярдэра Міхаіла Прохарава разглядае магчымасць куплі долі Керымава ў ААТ «Уралкалій».