Хаменка ідзе ў артысты размоўнага жанру

Лідар гурта «Палац» заклапочаны тым, што ў Беларусі не стае артыстаў размоўнага жанру. Таму паспрабуе сябе ў гэтай ролі ў новым праекце «Сустрэчы дарэчы», які падаецца як «размоўна-музычнае шоу».

14.11.2013 / 23:23

Задача ў Хаменкі амбітная — закласці асновы сапраўднага беларускага гумарыстычнага інтэлектуальнага шоу, якое адбываецца тут і цяпер, ужывую. «Ідэя такога праекта звязаная з недахопам канцэртаў і выступаў беларускіх артыстаў размоўнага жанру, — тлумачыць Алег. — Хацелася б згадаць імправізацыйныя адчуванні пры размове, якіх зусім не стае ў будзённым жыцці». Да праекта «Сустрэчы дарэчы» далучыліся таксама вядомыя блогеры і дасведчаныя тэлевізійнікі Алесь Круглякоў і Уладзімір Максімкаў, колішні генпрадзюсар БТ.

«Публічная сяброўская размова — вельмі складаны фармат. Аднак я спадзяюся на вялікі вопыт маіх паплечнікаў і добразычлівы настрой публікі.

Канечне, я буду яшчэ і спяваць, але паспрабую гэта рабіць так, як гэта адбываецца ва ўтульных кампаніях сяброў», — заўважыў Хаменка ў камэнтары Tuzin.fm.

«Сустрэчы дарэчы» адбудзецца 18 лістапада ў рок-бары «Крылы», што ў будынку ДК МТЗ.

Узяць удзел у імпрэзе можа кожны ахвочы ў якасці слухача, а то і актыўнага ўдзельніка.