На шпагаце паміж фурамі — Ван Дам зняўся ў рэкламе Volvo

15.11.2013 / 17:12

Жан Клод Ван Дам незвычайным чынам прарэкламаваў грузавікі шведскага аўтаканцэрна Volvo. 53-гадовы акцёр расказаў на камеру пра цяжкасці жыцця і пра тое, як яны загартавалі яго і пераўтварылі ў таго, кім ён ёсць цяпер.

«Цела, даведзенае да дасканаласці, пара ног, створаных парушаць законы фізікі і розум, які адолее самы грандыёзны шпагат», — кажа Ван Дам, калі грузавікі, на люстэрках якіх ён стаіць, разыходзяцца і акцёр сядае на шпагат.

У рэкламе Volvo прадэманстравала новую сістэму інтэлектуальнай стабілізацыі аўтамабіля Volvo Dynamic Steering. Тэкст, які чытае Ван Дам, пабудаваны на гульні словаў: па-англійску split можа азначаць як шпагат, так і расколіну на дарозе.

За два дні пасля публікацыі на YouTube ролік сабраў больш за 7 мільёнаў праглядаў.

Кірыла Хілько