На супрацоўнікаў прыватнай клінікі «Новы зрок» завялі крымінальную справу

Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя як ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры.

19.11.2013 / 19:32

Фота felix.by.

Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб замежнага прадпрыемства «Клініка «Новы зрок». Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК.

Крымінальная справа распачатая Генпракуратурай па матэрыялах упраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў ГУУС Мінгарвыканкама.

«Высветлена, што дырэктар, галоўны бухгалтар і іншыя службовыя асобы дадзенага прадпрыемства на працягу некалькіх апошніх гадоў пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі медыцынскіх тавараў і тавараў медыцынскага прызначэння для камерцыйных мэтаў ухіліліся ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры.

Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя як ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры, учынены групай асоб па папярэдняй змове», — распавялі ў СК.

У цяперашні час следства высвятляе ўсе акалічнасці супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб. Адбіраецца медыцынскае абсталяванне, якое мае дачыненне да справы, з мэтай ўстанаўлення яго паходжання і адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Беларусі.