Хрысціянства для «чайнікаў». Другая запаведзь
Тры абзацы ад уніяцкага святара.
28.11.2013 / 00:22
Вось як гучыць 2-ое прыказанне ў Бібліі, у Кнізе Выхаду: «НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, ДАРЭМНА, бо Госпад не пакіне без кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, марна» (Вых. 20: 7). Што азначае вымаўленне якога-небудзь імя? Вымаўляць імя — гэта клікаць таго, каму яно належыць. Калі мы вымаўляем імя Госпада, мы клічам Яго, просім, каб Ён прыйшоў і звярнуў на нас сваю ўвагу. Гэта нішто іншае, як малітва! Аднак, калі мы робім гэта не ўсведамляючы таго, што заклікаем Бога, то такое вымаўленне і ёсць марным.
Мова, словы — яны дадзеныя нам ад Бога, вось чаму яны так шмат важаць. Можна было б нават сказаць, што яны матэрыяльныя, бо змяняюць рэчаіснасць. Ад нашых слоў залежаць розныя рэчы: пачынаючы ад добрага настрою нашага сябра і заканчваючы жыццём другога чалавека. Ісус у Евангеллі гаворыць: «… а хто скажа брату свайму «пусты чалавек», — будзе асуджаны радай, а хто скажа: «дурны», — будзе асуджаны агнём пякельным» (Мц. 5:22). Калі мы пустасловім, ужываем нашую мову не клапоцячыся пра наступствы, то мы вымаўляем імя Госпада дарэмна.
Запаведзь кажа, што Бог не пакіне без пакарання тых, хто парушае яе. У святле Евангелля трэба разумець гэта так, што чалавек сам сябе карае, калі непаважна ставіцца да сваіх адносінаў з Богам, ды адносінаў з людзьмі. Сапраўды, большасць тых людзей, якія вымаўляюць імя Бога дарэмна, маюць праблемы з асабістай малітвай. Гэта адбываецца таму, што яны губляюць нешта святое (сакрум), інтымнасць, якая ўласціва духоўнаму жыццю, адносінам паміж Богам і чалавекам. Пустаслоўе (а яшчэ болей брыдкаслоўе) нішчыць цішыню, у якой Бог прамаўляе да чалавека. Замест яе ў душу чалавека прыходзіць неўладкаванасць, нежаданне слухаць, няўменне кантактаваць з іншымі, хамства.