У Вільні сёння будуць маліцца за Украіну
28.11.2013 / 10:26
У чацвер па вуліцах Вільні адбудзецца працэсія — Віленскі кляштар Базыльянскага ордэна св. Язафата арганізуе шэсце, падчас якога будуць маліцца за Украіну.
Па словах арганізатараў мерапрыемства, такім чынам малітоўшчыкі падтрымаюць імкненне Украіны да еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Плануецца, што ў працэсіі ад Вострай брамы да Кафедральнай плошчы возьмуць удзел ад 100 да 500 чалавек.
У чацвер і ў пятніцу ў Вільні пройдзе самае буйное мерапрыемства старшынства Літвы ў Радзе ЕС — саміт Усходняга партнёрства. Падчас мерапрыемства будзе абмяркоўвацца прагрэс праграмы Усходняга партнёрства, перспектывы і мэты, а таксама будуць падпісаныя дамовы з Малдовай і Грузіяй.
Літва не губляе надзею, што Украіна, якая на мінулым тыдні замарозіла падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, зменіць пазіцыю.