Бабуля, якая першай у Мінску аддала кватэру дзяржаве і атрымлівае за гэта 130 тысяч рублёў у месяц: «Я ж цяпер багатая»
28.11.2013 / 11:06
Алена Аўрамаўна Корсак ужо больш за год жыве ў Гарадскім доме- інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы «Світанак», што ў пасёлку Траскоўшчына Мінскага раёна.
«Мне тут адразу спадабалася! – запэўнівае Алена Аўрамаўна. – Я і на Гомельшчыне была, і на Брэстчыне, і ў Нарачанскім краі, але тут неяк асабліва добра. Ехала сюды ў аўтобусе ў першы раз, глядзела на вёску і ўяўляла, як буду пешшу хадзіць, чыстым паветрам дыхаць … І прывыкаць нават не прыйшлося».
У пакоі, дзе цяпер жыве пенсіянерка, па -хатняму цёпла і ўтульна. Сёе-тое з мэблі Алена Аўрамаўна ўзяла са сваёй кватэры: канапа, тэлевізар, шафа для адзення. Тахту замовіла новую, шпалеры таксама змяніла перад наваселлем.
«Сяброўкі, даведаўшыся, што я заключыла дагавор рэнты, здзіўляліся: няўжо мы не дапаможам, калі спатрэбіцца?! Але я не хачу абцяжарваць людзей. Ды і ўсе гэтыя справы з нерухомасцю – вельмі далікатная тэма. Навошта правакаваць кагосьці на грэшныя думкі? А так я выбрала нейтральны варыянт, і ніякіх падазрэнняў, таемных крыўд у мяне няма», - кажа яна.
Да выхаду на пенсію мінчанка 29 гадоў прапрацавала ў бюро выдачы інфармацыі на чыгуначным вакзале. З мужам жылі душа ў душу. Сем гадоў таму Яўген Аляксандравіч пайшоў з жыцця. Пахавала яго Алена Аўрамаўна на Брэстчыне, побач з бацькамі.
«Я з людзьмі там дамовілася: высылаю ім грошы, каб яны прыбралі магілкі, кветкі купілі, свечку ў царкве паставілі … Я ж цяпер багатая (смяецца): і пенсію атрымліваю, і адну базавую па дамове даплачваюць.
«Мяне ўсё задавальняе. Пра мінскую кватэру ўспамінаю рэдка. Мой дом цяпер тут. Мне дажыць проста трэба…», - тлумачыць яна.
Вечарамі Алена Аўрамаўна прагортвае часопісы (« вочы баляць, дык хоць карцінку якую пагляджу» ) або глядзіць любімыя серыялы і гумарыстычныя праграмы. У старой кватэры, праўда, было 52 тэлевізійныя каналы, у новым доме – усяго толькі 8, але пенсіянерка не хвалюецца.