У топ­-60 чыноўнікаў Беларусі аж 21 пенсіянер

Урад на парозе пенсійнага веку.

07.12.2013 / 13:25

«Наша Ніва» прапануе традыцыйны агляд лукашэнкаўскіх элітаў. Папярэднія былі зробленыя ў 2009 і 2011 гадах.

Для разгляду мы ўзялі прэм’ер-міністра, віцэ-прэм’ераў, спікераў абедзвюх палат парламента, старшынь асноўных судоў, прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурора, кіраўніка справамі прэзідэнта, міністраў, старшынь дзяржаўных і нацыянальных камітэтаў, старшынь аблвыканкамаў, старшыню ЦВК і старшыню Нацбанка. Вакантныя пакуль што пасады старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда (Віктар Камянкоў сышоў на стане здароўя) і дзяржсакратара Рады бяспекі (Мальцаў пераведзены ў Мытны камітэт).

У параўнанні з 2011-м спіс чыноўнікаў абноўлены на траціну. 20 чыноўнікаў ці ўпершыню атрымалі такую высокую пасаду, ці зноў вернутыя ў верхнія эшалоны (Пракаповіч, Шэйман, Патупчык).

З Грузіяй не параўнаць

Сярэдні ўзрост беларускага чыноўніка найвышэйшага рангу склаў ажно 55,8 года. У параўнанні з мінулым замерам ён вырас больш чым на год (54,4). Але такі «сярэдні чыноўнік» усё адно маладзейшы за Лукашэнку, які налета дасягне пенсійнага веку. У 1994­м, прыйшоўшы да ўлады, ён больш давяраў маладым, чым цяпер.

Уявіце толькі, што сярэдні век грузінскага ўрада падчас прэзідэнцтва Міхаіла Саакашвілі складаў 38 гадоў! Прычым там было шмат тых, хто атрымаў выдатную заходную адукацыю. У Беларусі ж за мяжой вучыліся толькі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пятро Руднік (скончыў Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт), а таксама міністр замежных справаў Уладзімір Макей (вучыўся ў Аўстрыйскай дыпламатычнай школе). Яшчэ ёсць памочнік прэзідэнта па пытаннях эканомікі Кірыл Руды, які стажыраваўся ў Чыкага.

Яшчэ адно параўнанне з Грузіяй. Цяперашняму яе прэм’еру Іраклію Гарыбашвілі ўсяго 31 год! Наш прэм’ер Міхаіл Мясніковіч старэйшы больш чым удвая — яму 63.

Самы малады — Швед

Самы малады грузінскі міністр — кіраўнік МУС Аляксандр Чыкаідзэ. Яму ўсяго 28 гадоў. Самы малады беларускі міністр — 40­гадовы Андрэй Шорац са сферы ЖКГ. Столькі ж кіраўніку камітэта судовых экспертыз Андрэю Шведу.

Два гады таму наймаладзейшым быў Павел Латушка, якога перавялі паслом у Францыю.

Не варта таксама забываць і пра памочніка прэзідэнта ў пытаннях бяспекі Віктара Лукашэнку (37).

Саракагадовых у вярхах нямнога. Сярод іх міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі (41), старшыня камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін (42), міністр эканомікі Мікалай Снапкоў (44) і міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко (45).

Герантакратыя — улада старых. Такой форме кіравання ўласцівы празмерны кансерватызм і нягнуткасць, што вядзе ўрэшце краіну да заняпаду. Нешта падобнае назіралася ў СССР у эпоху позняга застою, калі сярэдні век членаў Палітбюро ЦК КПСС пераваліў за 70 гадоў.

Дваццаць адзін пенсіянер

Такой вялізнай колькасці пенсіянераў ва ўрадзе Лукашэнкі не было яшчэ ніколі. І сярод іх знакавыя людзі: Міхаіл Мясніковіч, віцэ­прэм’еры Сямашка, Тозік і Пракаповіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня КДК Аляксандр Якабсон, старшыня Нацбанка Надзея Ермакова, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, «памежнік» Леанід Мальцаў, губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына…

Праз год­два пенсіянерамі стануць віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, старшыня Канстытуцыйнага суда Пятро Міклашэвіч, міністр абароны Юрый Жадобін, кіраўнік Белстата Уладзімір Зіноўскі…

Старэйшынай чыноўніцкага корпусу працягвае заставацца спікер Савета рэспублікі Анатоль Рубінаў, якому ўжо 74 гады. Следам ідуць Валянцін Сукала з Канстытуцыйнага суда і Пятро Пракаповіч — ім па 71.

Нездарма ж, прызначаючы 52-гадовага Сямёна Шапіру старшынёй Мінаблвыканкама, Лукашэнка сказаў пра «юны век» чыноўніка. На фоне многіх калег сапраўды зусім яшчэ маладзён.

Прафесары

Сярод 60 чыноўнікаў ёсць дзевяцёра прафесараў. Гэта Мясніковіч, Тозік, Рубінаў, Радзькоў, Маскевіч, Мальцаў, Шумілін, Шапіра і старшыня Віцебскага аблвыканкама Косінец. Ёсць яшчэ Віктар Шэйман, які пазначаецца таксама прафесарам, але сапраўднасць ягоных дакументаў сумнеўная.

«Замежнікі»

Зменшылася колькасць чыноўнікаў, якія нарадзіліся не ў Беларусі. Два гады таму іх было адзінаццаць, цяпер — дзевяць (15%). Звяртае ўвагу, што ўпершыню за доўгі час КДБ узначаліў беларус — Валерый Вакульчык.

Адкуль родам «нашы замежныя» ўрадоўцы? Міністр абароны Юрый Жадобін і міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч прыйшлі на свет ва Украіне.

З Расіі паходзяць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў (Масква), міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі (Падмаскоўе), міністр працы Мар’яна Шчоткіна (Мурманская вобласць), міністр архітэктуры Анатоль Чорны (Калініградская вобласць), старшыня вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў (Чыта) і новы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў (Ленінградская вобласць).

Тутэйшыя

З тых 51 чыноўніка, што нарадзіліся ў Беларусі, трыццаць два — вяскоўцы. Гэта нават болей, чым два гады таму. 14 чалавек нарадзіліся ў раённых ці абласных цэнтрах. А яшчэ пяцёра мінчукоў — Сукала, Шамко, міністр фінансаў Харкавец, міністр культуры Святлоў і старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Калі браць асобныя цэнтры, то ў лідарах аказаліся Драгічынскі і Калінкавіцкі раёны. З заходняй Берасцейшчыны паходзяць старшыня КДБ Валерый Вакульчык (Радастава), міністр аховы здароўя Васіль Жарко (Леснікі) і міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч (Гута). З Гомельшчыны — Сямашка (Калінкавічы), Тозік (Казанск), старшыня дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка (Аляксандраўка).

Два чалавекі з Барысаўшчыны — міністр сувязі Панцялей і старшыня камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў. З Бабруйска — міністр гандлю Валянцін Чаканаў і «мытнік» Аляксандр Шпілеўскі. З Магілёва — Рубінаў і Снапкоў. З Гродна — генпракурор Канюк і Сліжэўскі.

А Уладзімір Макей і міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян нарадзіліся ў адной вёсцы — Некрашэвічы (Карэліцкі раён).

Ёсць таксама па адным прадстаўніку Нясвіжскага, Краснапольскага, Пружанскага, Жыткавіцкага, Лёзненскага, Вілейскага, Быхаўскага, Лідскага, Клімавіцкага, Гомельскага, Хоцімскага, Воранаўскага, Навагрудскага, Слуцкага, Шчучынскага, Светлагорскага, Нараўлянскага, Мазырскага, Віцебскага, Асіпо­віцкага, Слонімскага, Глыбоцкага, Лельчыцкага, Бярозаўскага, Лунінецкага, Аршанскага, Рэчыцкага, Любанскага і Брагінскага раёнаў.

Звяртае ўвагу адсутнасць у спісе «шклоўскіх». Хаця многія, як намеснік кіраўніка Адміністрацыі Валеры Іваноў ці Ермакова, працавалі ў гэтым раёне. Няма таксама ніводнага берасцейца.

З Гродзеншчыны мала

Месца нараджэння — гэта адно, а зусім іншае — месца, дзе пачыналася кар’ера, дзе складаўся як спецыяліст. Дык вось сярод топ­60 ёсць толькі два чалавекі, якія прыехалі ў сталіцу з Гродзеншчыны — гэта Маскевіч і Сліжэўскі. Чацвёра з Брэстчыны — Пракаповіч, Калінін, Жарко і Сумар.

Затое аж адзінаццаць чалавек пачыналі свой працоўны шлях на Магілёўшчыне — Радзькоў, Іваноў, Ермакова, Снапкоў, Вашчанка, Кацярыніч, Чаканаў, Чорны, Краўцоў, Руднік і Ярмошына.

БДУ ў лідарах

Дванаццаць чалавек скончылі галоўны ўніверсітэт краіны — БДУ. Варта звярнуць увагу, што большасць абралі юрыдычны факультэт (Міклашэвіч, Сукала, Міцкевіч, Канюк, Шаеў).

Наргас за плячыма семярых чалавек, хоць чатыры гады таму менавіта гэтая ВНУ лідзіравала ў спісе. Пяцёра чалавек скончылі Горацкую сельскагагаспадарчую акадэмію, політэхнічны інстытут — чацвёра.

У якасці другога месца адукацыі Акадэмію кіравання пры прэзідэнце абралі 15 чалавек. Асабліва багатым быў выпуск 2007 года, тады дыплом атрымалі Кацярыніч, Шчоткіна, Руднік і Ладуцька, на год раней — Іваноў і Харкавец.

Звяртае ўвагу, што міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Расійскай федэрацыі.

Вышэйшыя курсы КДБ за плячыма Анатоля Тозіка, Валерыя Вакульчыка і Аляксандра Шпілеўскага.

Найпазней за ўсіх вышэйшую адукацыю атрымаў віцэ-прэм’ер Калінін — аж у 34 гады.

«Сярэднія» чыноўнікі — Валянцін Чаканаў і Дзмітрый Кацярыніч

Жанчын сярод навыйшэйшага чынавенства вобмаль, усяго тры (5%). Гэта Мар’яна Шчоткіна, На­дзея Ермакова і Лідзія Ярмошына.

Такім чынам, сярэдні беларускі чыноўнік — гэта мужчына 56 гадоў з Магілёўскай вобласці, які скончыў БДУ ці наргас, а пасля замацаваў веды ў Акадэміі кіравання.

Гэтаму апісанню адпавядаюць міністр гандлю Чаканаў і міністр прамысловасці Кацярыніч.

Сярэдні ўзрост найвышэйшых чыноўнікаў

2009 — 54,2
2011 — 54,4
2013 — 55,8

Самы малады

2009 — Латушка (36 гадоў)
2011 — Латушка (38)
2013 — Швед і Шорац (40)

Колькасць пенсіянераў

2009 — 15
2011 — 11
2013 — 21

Народжаныя не ў Беларусі

2009 — 11
2011 — 11
2013 — 9.

Зміцер Панкавец