Выбівалі пазыку: вывезлі на могілкі і пагражалі забіць
Прадпрымальным хлопцам пагражае турма.
06.12.2013 / 10:43
Гарадзенцы 1986 і 1989 гадоў нараджэння стварылі таварыства з абмежаванай адказнасцю па выдачы пазыкаў пад высокія працэнты. Хто не вяртаў грошы, з тых іх «выбівалі» сілай.
«У перыяд з чэрвеня па кастрычнік 2013 яны прымушалі жыхара Гродна 1992 года нараджэння вярнуць з працэнтамі пазыку ў памеры 2 мільёнаў рублёў. Для гэтага
вывезлі яго на могілкі, пагражалі забойствам, дэманструючы пнеўматычны пісталет, прымушалі капаць сабе магілу,
— паведаміў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч. — У далейшым з мэтай вяртання пазыкі і атрымання звышпрыбытку спрабавалі аформіць на даўжніка ў крэдыт пакупку дарагой бытавой тэхнікі, прымушалі працаваць на іх, забралі дакументы».
Па словах Шаршаневіча, устаноўлены факт, калі тыя ж хлопцы з красавіка па верасень гвалтам «выбівалі» вяртанне аднаго мільёна з працэнтамі з 45-гадовай гарадзенкі.
Абодва падазраваныя знаходзяцца пад вартай. Следчыя працягваюць высвятляць, ці былі яшчэ здзейснены падобныя злачынствы.
Дзве крымінальныя справы заведзены за прымус да выканання дамоўленых абавязальніцтваў з ужываннем гвалту, здзейснены групай асобаў. Да дзесяці гадоў турмы.
Калі нехта пацярпеў, можа звяртацца на: (0152) 65-96-49, (0152) 72-40-40.