Дэманстранты ў Тайландзе дамагліся роспуску парламента
09.12.2013 / 09:56
Каля 100 тыс. чалавек выйшлі на антыўрадавыя акцыі пратэсту ў Бангкоку, нягледзячы на роспуск парламента, паведамляе ў панядзелак інтэрнэт-сайт тайландскай газеты «Бангкок пост».
Па звестках выдання, дэманстранты накіраваліся да дома ўрада з розных канцоў сталіцы Тайланда.
Раней кіраўнік урада Йінглак Чынават абвясціла пра роспуск парламента і прызначэнне датэрміновых выбараў дэпутатаў, якія павінны адбыцца на працягу 60 дзён. Паводле канстытуцыі Тайланда, у гэтым выпадку ўрад становіцца часовым.
Тым не менш, апазіцыйныя лідары заявілі аб тым, што гэтага недастаткова, і запатрабавалі неадкладнага сыходу Чынават з пасады прэм'ера, а таксама стварэння «народнай рады».
Антыўрадавыя выступы ў Тайландзе працягваюцца ўжо каля двух тыдняў.
Дэманстранты выступаюць супраць урада Й.Чынават — сястры былога прэм'ера Таксіна Чынавата, які пакінуў краіну пасля ваеннага перавароту 2006 года. На думку пратэстоўцаў, Й.Чынават прадстаўляе інтарэсы свайго брата і з'яўляецца яго марыянеткай.
Падставай для дэманстрацый паслужыла спроба кіруючай партыі «працягнуць» праз парламент закон аб усеагульнай амністыі, які дазволіў бы Т.Чынавату вярнуцца на радзіму і ў палітыку.