Правялі эксгумацыю цела Ігара Пцічкіна, які памёр у мінскім СІЗА
Чатыры месяцы родныя настойвалі на гэтым.
10.12.2013 / 13:28
Эксгумацыю правялі 4 снежня, паведамілі родныя Ігара Пцічкіна. Цяпер месяц трэба чакаць вынікаў паўторнага ўскрыцця цела.
Родныя хлопца дамагаліся правядзення эксгумацыі амаль чатыры месяцы пасля пахавання.
Нагадаем, 21-гадовы Ігар Пцічкін мусіў адбыць у СІЗА на Валадарскага трохмесячны арышт: сеў за руль аўто, хаця быў пазбаўлены правоў. 4 жніўня Пцічкін памёр.
На сустрэчы з начальнікам СІЗА родным хлопца паведамілі, што ў Ігара 3 жніўня пачалося «псіхаматорнае ўзбуджэнне». І яго змясцілі ў медыцынскую часць, «дзе давялося фіксаваць яго мяккімі рамянямі». На фатаздымках трупа Пцічкіна заўважныя шматлікія сінякі. Фоты выкладзеныя ў агульны доступ у суполцы Укантакце.
У смерці хлопца вінавацяць фельчара мінскага СІЗА № 1, які дзяжурыў у ноч смерці. Распачата крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента.
Родныя Пцічкіна правялі 14 верасня каля СІЗА на Валадараскага акцыю з патрабаваннем расследавання справы, у выніку яны былі затрыманыя. Яны лічаць, што Ігара білі перад смерцю.