Ліст чытача: студэнцкія інтэрнаты не павінны быць казармамі

Што варта змяніць у рэжыме інтэрнатаў? Пішыце ў каментах

16.12.2013 / 09:28

Шэсць гадоў таму, 20 лістапада 2007-га, упаў з вадасцёкавай трубы і разбіўся насмерць студэнт 4 года факультэта фізвыхавання ГДУ 20-гадовы Зміцер Грыбушэнка, адзіны сын у маці.

Хлопец прыпазніўся ў інтэрнат па вуліцы Савецкай, 83а, дзверы, натуральна, не адчынілі, і ён хацеў вярнуцца тым чынам, які аказаўся фатальным. Тады справа набыла вялы розгалас і ніякай рэакцыі не было (ці яе ад нас схавалі).

І вось чытаю зноў пра прыкладна такі ж выпадак у тым жа Гомелі: разбіўся 21-гадовы юнак, студэнт ГДУ 4-га года навучання на той жа Савецкай вуліцы пры прыкладна такіх жа акалічнасцях. У «Нашай Ніве» (№42) яго назвалі небаракам.

Сам падыход да трагедыі маладых людзей выклікае абурэнне. Што студэнцкія інтэрнаты ператвораны ў казармы — гэта факт. Чаму б не калупнуць такія трагедыі глыбей? Чаму існуюць такія парадкі, што змушаюць маладых людзей да рызыкоўных дзеянняў, што вядуць да трагедыі? 

Некалькі гадоў таму ў Грэцыі падчас дэманстрацыі ад выпадковай рыкашэтнай кулі загінуў юнак, і гэта дало падставу тут жа выкінуць лозунг «Дзяржава забівае» і паставіць на вушы паўкраіны, гарэлі аўто і ў паліцыю ляцелі пляшкі-молатаўкі.. Паліцыя апраўдвалася.

Памятаючы словы Леніна, што «газета не толькі калектыўны прапагандыст, але і калектыўны арганізатар», прапаную падрабязней разабрацца з прычынамі гібелі маладых людзей у Гомелі і заклікаць да актыўных дзеянняў супрацьдзеяння здзекам са студэнтаў. 

Мікалай Бусел, Дуброва (Светлагорскі раён)