Рыгор Сітніца: Галоўнае для мяне — захаваць Саюз мастакоў
24.12.2013 / 13:29
Рыгор Сітніца абраны старшынёй Саюза мастакоў, «Наша Ніва» папрасіла яго расказаць пра найбліжэйшыя планы на новай пасадзе.
«Асноўная мая задача — захаваць арганізацыю, — кажа спадар Рыгор. — Бо ёсць пэўныя пагрозы. Трэба зрабіць так, каб унутры Саюза не адбылося пагаршэнняў. Я — чалавек здаровага сэнсу і лічу, што любое пытанне можна вырашыць пры дапамозе здаровага сэнсу. Зараз мне трэба актыўна працаваць з тымі, хто мяне абіраў, а таксама і з тымі, хто галасаваў супраць».
Іншай важнай задачай для спадара Сітніцы застаецца атрыманне прэферэнцый для мастакоў з боку дзяржавы.
«Гаворка ідзе аб правах мастака — не пра свабоду творчасці, а пра цэны на майстэрні. Ад дзяржавы мы маем пэўныя прэферэнцыі, але хацелася б, каб іх было больш. Бо мы, асабліва ў замежжы, прадстаўляем нацыянальную культуру, нацыю. Ёсць і канкрэтныя планы, напрыклад, рэканструкцыя Палаца мастацтваў. Пераважна гэта гаспадарчыя ці, сказаць, бізнэс-задачы».