Праз імгненне рагатала ўся Камароўка. Бедны Тозік

Камертон Сяргея Ваганава.

28.12.2013 / 09:29

Напярэдадні Новага года і, падводзячы, як быццам, вынікі года адыходзячага, аптыміст Тозік аднекуль з віцэ-прэм’ерскіх вышынь заклікаў народ усміхацца.

Небяспечны заклік. Бо дзе ўсмешкі, там подых свабоды. А дзе свабода, там можа распачацца Майдан.

Зрэшты, на Беларусі ўжо ёсць свой Майдан — мінская Камароўка.

Не-не, не хвалюйцеся, усё ціха — ні табе трыбун, ні намётаў, ні барыкад, калі не лічыць барыкадамі высокія шкляныя прылаўкі, ці як там яшчэ іх назваць. Хутчэй шкляныя дамавіны, у якіх ляжаць, нібыта спячыя прыгажуні, недасяжныя каўбасы ці ялавічныя языкі…

Між тым, прыкметы Майдану заўважыць на Камароўцы не вельмі цяжка. Ну, вось, да прыкладу, чэргі. Што ні чарга, то несанкцыянаваны мітынг — палымяныя выступоўцы, хамаватыя экстрэмісты і зацятыя маўчуны…

Але што чэргі! Дзве-тры на ўсю агромністую гандлёвую залу, што ціха-мірна шамаціць паперкамі, бурчыць спрэчкамі з гандлярамі ды адгукаецца рэхам на шморганне тысяч ног…

«Глядзіце! Глядзіце! Валіцца!»

Прадавачка кінула падлічваць рэшту, узняла ўверх вочы, і раздражнёная заклапочанасць змянілася здзіўленай усмешкай па ўсім твары: «Глядзіце, і праўда, валіцца…»

Павольна, амаль незаўважна, але безупынна хіліўся да падлогі другога паверха велізарны, мо метраў пяць у вышыню і звыш за два ў шырыню, ці то Дзед Мароз, ці то Санта Клаўс, узняты да Новага года пад самую столь. Барада на ўвесь твар, чырвоны нос бульбачкай, чырвоны з белым каптан…

Праз імгненне рагатала ўся Камароўка. Кінулі гандляваць гандляры, купляць — пакупнікі. Рагаталі ўсе.

Бедны Тозік. Не, хутчэй Фрэйд.

«Глядзіце, сам валіцца, — неслася з усіх бакоў, — і тросы не патрэбны… мо зваліцца нарэшце… не, падштурхнуць трэба… глядзіце, глядзіце, гэта ён прабачэння просіць», — урэшце рэшт Санта Клаўс утыкнуўся галавой у падлогу, схаваўшы твар і трохі нахабныя вочкі…

«Гэта жыццё наша валіцца… З надыходзячым!» Я агледзеўся. «Не пазнаяце?» — «Ёрык?» — «Так. Жонка хварэе, ёгурту папрасіла ды пару мандарынак…»

Пазнаць яго не тое што было цяжка — наўпрост немагчыма. Заўжды ў нейкай падранай куртцы, рваных чаравіках, па якіх блытаюцца развязаныя шнуркі. А тут прыстойная вопратка, заплямлены, але ж сапраўдны каўбойскі капялюш… Толькі вось падрапаны лоб ды маленькія, вадзяністага блакіту вочкі… «Калісьці і я быў Дзедам Марозам, а жонка — Снягурачкай, — усміхнуўся «Ёрык». — У Доме культуры працавалі, даўно, гадоў трыццаць…»

Упершыню я ўбачыў яго ў сакавіку, калі па завулку, вакол якога лепяцца гаражы, розныя склады ды гандлёвыя базы, ішла… чыгунная ванна. Зробіць два-тры крокі, прыпыніцца, адпачне трохі і зноў калдыбае па калдобінах, зачэрпваючы з ямінаў брудную веснавую ваду… «Дапамагчы?» — дагнаўшы, я зазірнуў несуну ў вочы. «Не, — ён матнуў галавой, — сам». Вось тады я і зведаў ягоны погляд, што бліснуў з-пад зашмальцаванай вязанай шапачкі — гэткую сумесь жабрацкай годнасці з вінаватасцю за няўдалае жыццё.

Трэба сказаць, што цяжкі, па ямінах і калдобінах, шлях да пункта прыёму металалому ў самым цэнтры сталіцы ніколі не бывае пустэльным. Адзін за адным, што тыя мурашы, а то і разам удвох ці трох, цягнуцца па ім хто з чым бамжы і п'янюжкі, падрабляюць на разгрузцы машын, прыбіраючы, калі трапляе што карыснае, каб потым прадаць. Не тое, каб іх было шмат — пяць-шэсць чалавек, сярод іх жанчына з апухлым барвовым тварам, цыгарэтай у роце і бруднымі космамі з-пад какетлівага, па модзе сярэдзіны мінулага стагоддзя, капялюшыка…

Грошы на ёгурт і мандарынкі для былой Снягурачкі ён здабыў, калі зацягнуў на металаломны пункт вялізную, мусіць, з нейкай крамы, лядоўню.

Адбылося гэта на пачатку снежня, калі на горад упершыню абрынулася пакрыўджаная працяглай адлігай зіма. Я заўважыў яго на краі дарогі побач з нейкай доўгай, падобнай да труны, жалезнай скрыняй. Пра тое, што гэта лядоўня, я даведаўся крыху пазней, калі ён адважна стаў піхаць яе ўпоперак аўтаплыні і, не ўтрымаўшыся на слізгаце, паваліўся на спіну. Машыны сталі. Я падбег, працягнуў руку: «Уставайце!» — «Ёрык, — ён сціснуў-паціснуў руку, — бедны Ёрык…» — «Любіце Шэкспіра?» — «О, Шэкспір… Не-не, я сам!»

Сам дык сам, па слізгаце піхаць цяжкое жалеза куды як зручней, чымсьці цягнуць на сабе чыгунную ванну — рэшту ад нечай хатняй мадэрнізацыі…

А ўвечары таго дня, калі з майданаўскім імпэтам рагатала ўся Камароўка, а колішні Дзед Мароз узгадваў Снягурачку, з тэлевізара пачулася, як галоўны чарадзей краіны ізноў распякае ўрад, пагражае кратамі за жалеза, што іржавее па заводскіх складах, задніх дварах і пустэчах…

Дарэмна, аднак, па ўсім свеце пункты прыёму металалому ўжо зачынены. Мо толькі на Беларусі працуюць. Чакаюць, калі «бедныя Ёрыкі» прыцягнуць, нарэшце, жалезныя краты.

А што ўрад? А нічога…

Адно яму застаецца: хаваць усмешку на твары, страшнейшым, па аптымістычным прызнанні Тозіка, за смерць.

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru