Анка Упала. Нараджэнне. Апавяданне

03.01.2014 / 09:10

Толькі калі мы не маем абароны — ува сне, страху і адчаі яны акрэсліваюцца і пачынаюць гаварыць.

 

Казюра ідзе па мокрым снезе, ножкі-нітачкі - у гумовых ботах, ручкі-нітачкі схаваныя ў кішэнях курткі, галава - паветраны шарык. Калі б не боты, магчыма, і следу за ім не заставалася б.

Казюрава нага часам саслізгвае з натаптанага цвёрдага і правальваецца ў падталы снег. Сам казюра невялікі і лёгкі, як усе казюры. Цяжка толькі на сэрцы пад куртачкай, у казюравым нутры. Цяжар на сэрцы - рэч бязважкая, і само казюрава сэрца не важыць амаль нічога, як і ўвесь ён, паўпразрысты. Але гэты сардэчны цяжар прымушае ягоную галаву хіліцца долу. Хіліцца яна і пад вагою шапкі з бумбонам - такі гэты казюра слабы і хісткі.

Сам казюра ўсё за сабой знае, і празрыстасць сваю, і невысокі рост, таму вопратку купляе прыкметную: чырвоную куртку, двухкаляровы шалік з тоўстых нітак, бумбон на шапцы - каб паболей. Так апрануты казюра робіцца заўважнейшым і яму крыху лягчэй жыць.

Ідзе казюра і ўвесь час азіраецца, глядзіць на снег за сабою, правярае нешта. Паглядзіць з трывогай і далей спяшаецца.

Пальцы ў кішэні курткі сціскаюць мяшэчак, у мяшэчку - цвічкі.

Дома казюра акуратна высыпае цвічкі на падлогу, бярэ малаток, запальвае лямпу, садзіцца і ставіць лямпу так, каб на падлогу клаўся цень. Праз казюраву галаву прабіваецца святло, таму цень таксама празрысты, святлейшы ўсярэдзіне. Казюра бярэ вяртлявы малаток у правую руку і, абапершыся другой на падлогу для захавання нерухомасці, прыбівае свой цень цвікамі па контуры.

- Пацярпі, - прыгаворвае ён, - пацярпі.

Цень злёгку дрыжыць ад удараў малатка і маўчыць.

Праз колькі хвілін ўсё скончана. Ва ўсіх дасяжных месцах цень прыбіты, толькі рука з малатком рухаецца. Казюра адкладае малаток і павольна рухае лямпу.

Цень, зусім не зважаючы на цвікі, якімі прымацаваны да падлогі, рухаецца таксама. Казюраў твар скажаецца і па ягоных шчаках цякуць слёзы.

- Няма трываласці, - шэпча ён, - няма.

Казюра абапіраецца далонямі аб падлогу і плача ў скрусе:

- Ты таксама можаш пакінуць мяне, калі захочаш? Кінеш мяне? Я нікога не магу ўтрымаць! - ён ўзнімае дагары кволыя ручкі.

 

* * *

Казюра зноў нацягвае куртачку, боты, шапку, круціць на шыю шалік і пад піліканне дамафона выскоквае з пад’езда. Вечаровая сінеча ўжо насунулася на жылыя дамы, паветра зрабілася вострае, небяспечна хапаць ротам шмат. Казюра скіроўваецца не да метро, адкуль ідуць па дарожках гарадскія людзі ў пухавіках і футрах, і не да крамы, адкуль тыя ж людзі цягнуць храбусткія пакеты з бройлерамі і мандарынамі, а да лесу, куды няма сцежак. Яму даводзіцца прабірацца праз сумёты і ягоныя мурашыныя сляды адразу ж замятае вецер.

Там, блізка каля дрэў, стаіць недабудаваны дзевяціпавярховік. Бог ведае, чаму яго будавалі-будавалі і трохі не дабудавалі. Магчыма, памыліліся з месцам. У вялікім горадзе гэта нядбайства, нам тут няма дзе жыць. Дом незавершаны, у ім ніколі не жылі шчаслівыя і нешчаслівыя, а толькі начавалі беспрытульныя, ён выглядае старым і пакінутым, сузірае лес і горад пустой чарнатой без шыбаў.

Дайшоўшы да будынка, казюра катае са снегу шар і садзіцца на яго, падклаўшы пад сябе некалькі хваёвых лапак.

На глухой бакавой сцяне, на якую глядзіць казюра, - графіці: велізарны малюнак нечалавека з вялікай галавой, чырвонымі вуснамі, круглымі вачыма, зялёным валоссем, незразумелымі кручанымі літарамі на целе.

-Вітаю, доктар, - уздыхае казюра.

- І я цябе вітаю, - нячутна адказвае малюнак на сцяне.

Калі казюру робіцца зусім невыносна жыць, ён ідзе пагаварыць з доктарам. Часам той дае яму рады.

- Што, мой дружа, з вамі зноў здарылася? - пытаецца доктар.

- Я дарэмна пакахаў чалавека, які тры разы адмовіў мне, бо я не змог спадабацца. Пасля гэтага я зрабіўся ўтрая слабейшым, утрая хістчэйшым. Звер абыякавасці ўкусіў мяне за сэрца, нішто не займае мяне, не радуе. Ува мне цяпер дзіра, праз якую ідуць цягнікі і карнавалы, і драбнейшае жыццё. Але мне ўсё роўна.

- Ты рабіў што-небудзь, каб уратавацца?

- Я ляжаў у лесе дагары нагамі на схіле разам з апалай лістотай. Але зіма ўпала так хутка, што я не паспеў загаіцца. Цяпер я магу скончыцца ў любы момант. Добра было б, каб непатрэбныя пачуцці мелі маленькія галоўкі на тонкіх шыйках, якія можна было б узяць і скруціць.

Доктар думае, потым кажа:

- Незапатрабаванае каханне можна выдыхнуць. Так што, дыхай, казюра. З паветрам выйдзе і непатрэбнае. Толькі не глядзі на таго, каго кахаеш, адводзь вочы.

А цяпер ідзі. Мне халодна, і я шмат сплю, каб дабыць да вясны.

Доктар заплюшчвае свае лупатыя вочы, а казюра яшчэ трохі сядзіць на снегавым шары і не ведае, задаволены ён парадай ці не. Налятае вецер і змятае з дома снег, які сыплецца казюру на галаву і за каўнер, трэба ісці дахаты дыхаць.

 

* * *

Мы сядзім за сталом крыху вільготныя і голыя, цесна сплеценыя, як два камлі. Не зусім цвярозыя. Пад сталом ляжыць скукожаная казюрава скурка. У майго сябра моцнае цела і дарослыя вочы.

- Раскажы, што было далей, - шапчу ў вуха.

- Спачатку я думаў паехаць куды-небудзь далёка, каб выдыхаць у іншае паветра, дзе не давялося б адводзіць погляд. Але не змог. Можа, таму, што прыбіў свой цень да гэтага месца.

Некалі я не заўважыў, як згубіў сябе і ператварыўся ў слабасільную істоту. Недарэчнае пачуццё скрала дзяцінства, якім жывілася мая душа.

Ён пасоўвае нагой скурку на падлозе.

- Гэта трэба выкінуць.

- Добра, што яна нарэшце луснула, - кажу.

- Раніцай ува сне мне пераняло дыханне, нешта падступіла да горла.

Я кідаўся ў ложку і задыхаўся, але мяне скруціла ў сутарзе і з рота на прасціну выкаўтнуўся зародак. Ведаеш, такі, як зарана нараджаюць жанчыны, увесь мокры і брудны. Я ляжаў і плакаў ад таго, што дыхаю вольна, яшчэ не разумеючы свайго стану.

- Дзіця было памерлае?

- Жывое, але няскончанае. Яно знікла без следу, калі я выцер слёзы.

Абдымаю яго мацней.

- Не адразу прыйшло ўсведамленне, што я нарадзіў і нарадзіўся. Сваю луснутую скурку я знайшоў пад коўдрай, а таксама новага сябе.

- Так добра, што ты згадаў пра мяне.

- Я заўжды памятаў, толькі не хацеў назаляць. Думаў, не захочаш знаць мяне такога.

- Ну, і дурненькі, - Не губляй мяне больш. - Я цалую яго ў скроню, - З днём нараджэння.