Чаргінец: Часопісы «Маладосць» і «Полымя» стануць эксперыментальнымі

02.01.2014 / 10:12

Часопісы «Маладосць» і «Полымя» Саюза пісьменнікаў Беларусі плануецца зрабіць эксперыментальнымі выданнямі, сказаў старшыня грамадскага аб'яднання Мікалай Чаргінец.

«Трэба разумець, што жыццё змяняецца. Калі часопісы для моладзі, значыць, яны павінны адпавядаць профілю і друкаваць не адзінкавыя матэрыялы маладых пісьменнікаў, а цалкам даваць ім магчымасць праявіць сябе, — мяркуе Мікалай Чаргінец. — Рэдактары баяцца пайсці на гэты крок, бо думаюць, што маладых аўтараў ніхто не будзе чытаць, але яны памыляюцца. Разам з сузаснавальнікам часопісаў Міністэрствам інфармацыі мы зможа змяніць сітуацыю».

Па словах Мікалая Чаргінца, такі клопат пра маладых аўтараў будзе садзейнічаць іх творчасці, а таксама паслужыць стымулам для пераможцаў літаратурных конкурсаў, у тым ліку абласных і раённых, якія не з'яўляюцца сябрамі Саюза пісьменнікаў.

У новым годзе грамадскае аб'яднанне працягне бясплатна выдаваць невялікія кнігі пачаткоўцаў-літаратараў. «Гэта велізарны штуршок для моладзі, у якой з'яўляецца натхненне ствараць творы», — сказаў Мікалай Чаргінец, дадаўшы, што ў 2013 годзе выйшла ў свет каля 40 такіх кніг…