Расследаванне пацвердзіла, што 32 школьнікі ў Мазыры атруціліся глазураванымі сыркамі
Праўда, хто вінаваты, так і не высветлілі.
03.01.2014 / 11:02
19 і 20 верасня 2013 года ў бальніцу ў Мазыры звярнулася больш за 70 школьнікаў, пераважна пачатковых класаў. Дзецям паставілі першасны дыягназ «харчовае атручэнне». Па выніках экспертызы, у 32 школьнікаў дыягназ пацвердзіўся.
Следчым камітэтам па Гомельскай вобласці была заведзена крымінальная справа за парушэнне санітарна-эпідэмічных правіл.
«Падчас расследаванння ўстанавілі, што атручэнне выклікана ўжываннем тварожных глазураваных сыркоў, вытворчасці ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат» (Брэсцкая вобласць). У выніку лабараторных даследаванняў сыркоў пацверджаны факт атручэння стафілакокавым энтаратаксінам», — паведаміла прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
Падчас праверкі на камбінаце парушэнняў санітрана-эпідэміялагічных правілаў не выявілі.
«З прадпрыемства да школьных харчаблокаў сыркі транспартаваліся ў некалькі этапаў: у Гомель на склад ААТ «ТВТ і Бярозка», затым у Мазыр на КВУП «Школьнае харчаванне», пасля — ва ўстановы адукацыі», — сказала Крываногава.
Дакладна высветліць, на якой стадыі транспарціроўкі альбо захоўвання глазураваных сыркоў былі дапушчаны парушэнні, што пацягнулі атручэнне, не атрымалася.
Крымінальная справа прыпынена. Следчым камітэтам вынесена прадстаўленне старшыні Мазырскага райвыканкама аб прыняцці захадаў абавязаць службовых асобаў і спецылістаў устаноў адукацыі, адказных за прыём прадуктаў, якія хутка псуюцца, пільна сачыць за тэмпературнымі рэжымі іх дастаўкі, адпаведнасцю транпарта, кантролем за таварным суседствам транспартуемых прадуктаў.