Вайцюшкевіч прэзэнтуе юбілейны альбом на вершы Бураўкіна

Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ‑Orkiestra прэзэнтуюць 19 кастрычніка альбом на вершы Генадзя Бураўкіна. Гэта будзе дзясяты па ліку альбом сьпевака.

10.10.2007 / 07:48


Зьміцер Вайцюшкевіч

19 кастрычніка, а 19:00, у малой залі КЗ «Мінск» пройдзе чарговы канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ‑Orkiestra. У аднаго з самых пладавітых беларускіх музыкаў у хуткім часе выйдзе юбілейны — дзясяты — альбом. Гэтым разам на вершы Генадзя Бураўкіна. Заўсёднікі Тодаравых канцэртаў пасьпелі вывучыць словы і ўжо падпяваюць: «Капае, капае дождж…»

Але галоўная асаблівасьць гэтага канцэрту будзе нават не ў прэзэнтацыі новых песьняў — ён будзе называцца «Лепшае на сёньняшні момант». Дзевяць цудоўных альбомаў за плячыма, дзясяты амаль на паліцах — самы час азірнуцца і абраць лепшае. А зрабіць гэта змогуць самі слухачы.

Для гэтага трэба абраць песьні, якія б вы хацелі пачуць на канцэрце і замовіць іх. Гэта можна зрабіць у гасьцёўні афіцыйнага сайту Вайцюшкевіча альбо ў LJ сьпевака. Таксама заяўкі прымаюцца праз ICQ 422‑790‑760.

Хутка канцэртаў Вайцюшкевіча і WZ‑Orkiestra столькі, як раней, ужо ня будзе. Апроч свайго удзелу ў мюзікле «Прарок», Зьміцер зьбіраецца ў Стакгольм, каб заняцца запісам сваіх сьпеваў на словы швэдзкіх паэтаў, а ў сакавіку музыкант адправіцца ў Японію са сваім японскім праектам «Месяц і Сонца».

Падрабязьней пра канцэрт на сайце www.todar.net. Квіткі можна набыць у касах Менска

Паводле: Кася Сарокіна, Тузін Гітоў