Ветэраны пратэстуюць супраць свастыкі на гербе Кармы

Ці бачыце Вы свастыку?

16.01.2014 / 12:35

Некалькі дзясяткаў кармянскіх ветэранаў падпісалася пад калектыўным зваротам «Па факце здзеку над дзяржаўнай сімволікай Прэзідэнта РБ пры дапамозе нацысцкай свастыкі на выяве Сцяга РБ».

Свой зварот яны даслалі ў газету «Наша Ніва».

Скандальная гісторыя пачалася, калі старшыня Кармянскага райвыканкама Іван Навуменка выпісаў удзячнасць Першаснай ветэранскай арганізацыі Стараградскага сельсавета – за ўдзел у конкурсе самадзейнасці «Не старэюць душой ветэраны».

Ветэраны ўдзячнасці не парадаваліся. Яны абурыліся афармленнем бланка. У верхняй частцы старонкі былі размешчаная квадратная выява сцяга Кармы на фоне чырвона-зялёнага дзяржаўнага сцяга – шаблоннае афармленне дакумента.

Але ветэраны ўбачылі ў гэтым ідэалагічную дыверсію.

«На бланку ўдзячнасці на выяве дзяржаўнага сцяга Прэзідэнта РБ у цэнтры размешчаная фашысцкая свастыка на блакітным фоне, — абурыліся яны. — Для нас непрымальная прапаганда фашысцкіх сімвалаў …. Нас абурае глумлівае стаўленне дзяржчыноўнікаў да ветэранаў і ахвяраў ВАВ. Бо нават бацька Прэзідэнта абараняў Радзіму ў ВАВ».

Ветэраны накіравалі зварот у генеральную пракуратуру. Што яны патрабуюць? «Спыніць глумленне з ветэранаў», «спыніць уручэнне такіх удзячнасцяў», «апублікаваць прабачэнні чыноўнікаў».

«Наша Ніва» пагутарыла з ініцыятарам звароту, магілёўцам Аляксеем Паўлоўскім. Ці бачыў ён калі–небудзь кармянскую геральдыку?

«Гэта вы, журналісты, усе такія разумныя! А ў нас, простых людзей, каго не спытаеш – усе свастыку бачаць. Я магілёўскаму ідэалогу паказаў выяву, дык яна за галаву схапілася! А герб Кармы авальны, а не такі, як на бланку намялявалі».

Ніякія тлумачэнні, што апроч «авальнага» герба Кармы існуе яшчэ і прамавугольны сцяг Кармы, які і выкарысталі чыноўнікі, на ветэрана не спрацавалі.

Ён, як і астатнія складальнікі звароту, па-ранейшаму патрабуе пакараць адказных у «прапагандзе фашысцкіх сімвалаў».

* * *

Герб Кармы

Сіняе палотнішча з суадносінамі шырыні і даўжыні 1:2, у сярэдзіне пярэдняга боку два белыя шабельныя эфесы, пакладзеныя ў андрэеўскі крыж.

Аснова герба і сцяга - радавы герб «Абшланк», які належыць уладальнікам Кармы ў XIX стагоддзі - роду Быкоўскіх. Аўтар праекта герба і сцяга - архітэктар В.М.Мельнікава.

Ягор Марціновіч