АСКАП у кожны дом: з чым «ядуць» новую сістэму аплаты праезду ў Мінску?

Журналіст «Нашай Нівы» разбіраўся, што таіцца ў жоўтых скрынях на поручнях трамваяў. 

17.01.2014 / 10:56

Мужчына, не знаёмы з новымі прыладамі, прыкладае талон да валідатара для праязных у мінскім трамваі.

З 1 лютага мінчукі будуць ездзіць на грамадскім транспарце па-новаму. Прынамсі тая частка, для якой асноўным сродкам перасоўвання па горадзе з'яўляецца трамвай. Менавіта з трамваяў «Мінсктранс» пачаў укараненне аўтаматычнай сістэмы кантролю аплаты праезду (АСКАП). Супрацоўнікі прадпрыемства называюць яе інавацыйнай і кажуць, што нарэшце сталічны транспарт атрымаў адзіны праязны білет. На жаль, назваць сістэму новай, а тым боль адпрацаванай, не паварочваецца язык.

АСКАП: што мы бачым

Што ж зменіцца ў грамадскім транспарце Мінска пасля ўвядзення АСКАП?

Тэставы стэнд «Агенцтва «Мінсктранс». У сярэдзіне — электронны кампосцер, па баках — валідатары. 

Па-першае, знікнуць прывычныя кампосцеры. У трамваях іх ужо месяц як няма. Замест іх з'явяцца электронныя кампосцеры для папяровых талонаў на адну паездку: замест фігуры з дзірачак яны друкуюць на талоне дату і час гашэння, а таксама нумар маршрута і тып транспартнага сродка. Разам з кампосцерамі абапал дзвярэй трамвая, аўтобуса ці тралейбуса паставяць валідатары: для актывацыі і валідацыі праяздных. А ўсе праязныя пераводзяцца на бескантактныя карткі, падобныя да тых, што выкарыстоўваюцца ў метро. Застаўны кошт кожнай карткі складае 12 тысячаў рублёў.

Бескантактная картка заменіць папяровыя праязныя. Тарыфныя планы не зменяцца.

Асноўныя этапы ўвядзення сістэмы наступныя: з 1 лютага усе праязныя на трамвай будуць выпускацца толькі на магнітных картках. Да 1 сакавіка ўвесь наземны транспарт абсталююць электроннымі кампосцерамі, а з 1 мая АСКАП запрацуе на ўсім сталічным транспарце.

АСКАП: што мы не атрымаем

«Жоўтыя скрыні» валідатараў і электронных кампосцераў добра вядомыя ўсім, хто хоць раз бываў у буйным заходнім горадзе. І калі б АСКАП уводзілася не напярэдадні ЧС-2014 па хакеі, можна было б падумаць, што «Мінсктранс» сапраўды распрацаваў новую сістэму, каб палепшыць грамадскі транспарт Мінска, а не каб паказаць турыстам, што ў нас не «горш, чым на Захадзе».

Пакуль можна сказаць дакладна: адзінага праязнога ў Мінска пакуль не будзе. Іншымі словамі, жыхар Мінска (у адрозненне ад жыхара, напрыклад, Нью-Ёрка, Варшавы, Прагі, Рыма, Рыгі ці Таліна) не зможа купіць у кіёску «Мінсктранса» безлімітны праязны на 30 дзён і выкарыстоўваць яго ў трамваях, тралейбусах, аўтобусах і метро. Менавіта гэта звычайна называюць «адзіным праязным». Аднак першая намесніца дырэктара філіі «Агенцтва «Мінсктранс» Наталля Клімковіч агучвае іншую пазіцыю: у «Мінсктрансе» пад адзіным праязным разумеюць картку, на якой будуць захоўвацца ўсе вашыя праязныя.

АСКАП: што мы атрымаем

Галоўная рэч у тым, што прынцыпова не зменіцца абсалютна нічога. Па сутнасці, «Мінсктранс» замяніў фізічнае кампасціраванне на аўтаматычнае, а праязныя змянілі носьбіт: замест паперы — картка з мікрачыпам.

Аснову ж АСКАП складуць ужо існуючыя тарыфы плюс некалькі новых. З такой сістэмай Мінск, напэўна, можа прэтэндаваць на месца ў Кнізе рэкордаў Гінэса як горад з самай гнуткай сістэмай тарыфікацыі аплаты праезду.

Зірніце самі: сёння ў «Мінсктранса» існуе два тыпы талонаў і 48 відаў безлімітных праязных білетаў: на адзін, два, тры ці чатыры віды транспарту, кожны з якіх можна набыць на дэкаду, палову месяца ці месяц. Гэтыя самыя тарыфы і застануцца пасля ўвядзення, толькі пры куплі праязны запішуць на картку.

«Мінсктранс» таксама паабяцаў безлімітныя праязныя тэрмінам дзеяння ад 1 да 30 дзён, валідныя з даты актывацыі. Гэтую цудоўную ініцыятыву варта было б рэалізаваць даўно: калі пасажыр «прапусціў» некалькі дзён месяца, пры набыцці праязнога гэтыя дні ўсё адно аплочваюцца. Такія праязныя пачнуць прадаваць толькі з 1 мая, калі АСКАП запрацуе поўнасцю.

Пры гэтым праязныя на каляндарны месяц не ліквідуюць: гэта звязана з бюракратычнымі патрабаваннямі для продажу праязных прадпрыемствам па безнаяўным разліку. Таму, напрыклад, у першы дзень месяца з 30-цю днямі можна будзе набыць і праязны на каляндарны месяц, і праязны на 30 дзён. Першы актывуецца касірам у момант куплі, другі — у момант валідацыі ў транспартным сродку.

Яшчэ адна навінка — праязныя на 5, 10, 30, 40, 50 і 60 паездак. Пры гэтым кошт кожнай паездкі не роўны кошту талона, і чым больш большы намінал карткі, тым таннейшая ў выніку паездка. Цяпер такія праязныя ёсць у метро.

Пры гэтым на саму бескантактную картку можна заносіць да шасці тарыфаў у розных камбінацыях. Так, напрыклад, можна будзе купіць месячны праязны на метро, праязны на палову месяца на тралейбус і аўтобус і дэкадны праязны на трамвай, якія будуць дзейнічаць з першага дня новага месяца. А можна будзе «забіць» у картку 30 дзён безлімітных паездак на метро, 29 на трамваі, 24 на аўтобусе і 3 на тралейбусе. Сапраўдная прастора для фантазіі!

Гнуткасць выбару тарыфнага плану можна запісаць у плюсы. Але варта заўважыць, што наўрад ці знойдзецца другі горад з настолькі гнуткай сістэмай аплаты праезду — нікому не патрэбна залішне перагружаная і складаная сістэма.

Паглядзеўшы на тарыфы еўрапейскіх сталіц, можна заўважыць своеасаблівы стандарт: 2—3 безлімітныя праязныя (па агульным тарыфе для ўсяго гарадскога транспарту) і некалькі відаў аднаразовых талонаў, звычайна дзейсных на пэўны час — 60 ці 90 хвілін паездкі на любым транспарце з улікам перасадак. У некаторых гарадах паклапаціліся пра «карткі турыстаў» — безлімітныя праязныя на 24, 36, 48 гадзін і г.д.

Навошта прыкладаць? Для статыстыкі!

Найбольшае абурэнне грамадскасці, напэўна, выклікала навіна пра неабходнасць прыкладваць безлімітныя праязныя да валідатара падчас кожнай паездкі ў грамадскім транспарце. Не прыкладзеш — штраф. На форумах выказваліся думкі, што праз гэта губляецца ўвесь сэнс праязнога «купіў і забыў». Да таго ж, лішнія дзясяткі людзей у перапоўненым аўтобусе ў гадзіну-пік наўрад ці каму спадабаюцца.

«Мінсктранс» афіцыйна не патлумачыў такую пазіцыю. Наталля Клімковіч узгадала, што пры распрацоўцы АСКАП выкарыстоўваўся досвед Рыгі і Прагі. У Рызе картку безлімітную картку сапраўды трэба падносіць картку падчас кожнай паездкі. Жыхарка Рыгі расказала, што хоць з транспартам у сталіцы Латвіі справы някепскія, усё ж на некаторых маршрутах людзей набіваецца «бітком», і людзі просяць адно аднаго перадаць картку і прыкласці яе да валідатара.

Насамрэч, можна абысціся і без шторазовых пагладжванняў валідатара. Напрыклад, у Варшаве 30-дзённы безлімітны праязны патрабуе толькі аднакратнай валідацыі. Таму прыкладанне праязных да валідатараў не мае ніякай практычнай патрэбы акрамя збору статыстыкі.

Гэта пасля працяглай дыскусіі і пацвердзілі прадстаўнікі «Мінсктранса». Само ўвядзенне АСКАП не ёсць увядзеннем нейкай новай сістэмы аплаты ці кантролю. Гэта толькі першы крок, з дапамогай якога «Мінсктранс» будзе збіраць інфармацыю. Клімковіч патлумачыла, што ведамства мае агульную статыстыку па пасажырапатоку, але канкрэтных дадзеных па маршрутах і напрамках няма. А калі кожны прыкладзе картку — яны з'явяцца, і можна будзе рэарганізаваць маршруты пад рэальныя патрэбы пасажыраў.

Магчыма, атрымаўшы дадзеныя, «Мінсктранс» вырашаць, што рабіць далей. Бо, падаецца, што «Мінсктранс» хоча зрабіць «нешта еўрапейскае», але не да канца разумее, што і як.

У «Агенцтве «Мінсктранс» расказалі пра канцэпцыю ўвядзення аплаты паездкі па кіламетражы. То бок замест аднаразовага талончыка будзе картка пэўнага наміналу, якую трэба прыкласці да валідатары пры ўваходзе і па выхадзе. Грошы спішуцца за кіламетраж.

Але гэта пакуль толькі канцэпцыя, якая, паводле Клімковіч, «пачне дзейнічаць не заўтра, не ў маі і нават не ў жніўні». Пытанне, ці ўвогуле пачне: атрымаўшы дадзеныя, у канцэпцыі можна замяніць аплату кіламетражу аплатай часу паездкі і г.д. Зразумела, што на 1 мая прызначаны толькі пачатак рэформы мінскага грамадскага транспарту.

Усё ж па-беларуску!

Прыемна, што праязныя білеты будуць аформлены па-беларуску. Раней у інтэрнэце зявіліся фатаздымкі карткі з надпісамі па-расійску, але ў «Мінскрансе» патлумачылі, што гэта тэставая картка ад распрацоўшчыка. З нагоды з'яўлення выявы карткі ў сеціве на адрас «Мінскранса» прыйшло многа скаргаў, і карткі для продажу аформілі па-беларуску.

Пытанне-адказ

П: Як карыстацца электронным кампосцерам? 

А:

Папяровы талон на адну паездку трэба ўставіць у шчыліну электроннага кампосцера. 

На кампосцеры загарыцца чырвоны індыкатар, ён пражужжыць. 

На талоне кампосцер друкуе час і дату паездкі, нумар маршрута і тып транспартнага сродка. 

П: Калі я карыстаюся праязнымі на ўсе віды транспарту, ці патрэбна будзе з 1 лютага насіць з сабой картку на метро, папяровы праязны на аўтобус і тралейбус і картку на трамвай?

А: Не трэба. Набывайце праязны на чатыры віды транспарту, як і раней. Папяровыя праязныя будуць прадаваць да мая.

П: Навошта прыкладаць картку безлімітнага праязнога да валідатара падчас кожнай паездкі?

А: Гэта патрабаванне «Мінсктранса». Вас аштрафуюць, калі вы будзеце яго ігнараваць.

П: Як актывуюцца безлімітныя праязныя на некалькі відаў транспарту, якія дзейнічаюць з моманту актывацыі?

А: Такія праязныя актывуюцца паасобку. Напрыклад, калі вы аплацілі 30 дзён безлімітных паездак на метро і 15 на тралейбусе, праязны на метро актывуецца падчас першага праходу праз турнікет, а праязны на тралейбус — падчас першай паездкі на тралейбусе.

П: Паведамлялі, што баланс картак на абмежаваную колькасць паездак можна праверыць, паўторна прыклаўшы картку да валідатара. Ці не спішацца пры гэтым яшчэ адна паездка?

А: Смела прыкладайце картку хоць тройчы. Спісанне сродкаў адбудзецца толькі пры першым прыкладанні. Аплата дзейнічае да канца маршрута, пакуль кіроўца не перазагрузіць сістэмы.

П: Ці змогуць двое аплаціць праезд адной карткай?

А: Не. Права аплаты мае толькі ўладальнік карткі.

П: Ці зменіцца нешта ў працы рэвізораў?

А: Толькі тое, што яны будуць блакаваць валідатары і кампосцеры пры праверцы. Астатняе застанецца па-старому. «Зайцы», заўважыўшы кандуктараў, змогуць выйсці. Забароны выходзіць да завяршэння праверкі білетаў (як, напрыклад, у Вільні), не будзе.

П: Калі я заходжу разам з рэвізорам, і валідатары блакуюцца, як даказаць, што я не «заяц»?

А: Супрацоўнікі «Мінсктранса» патлумачылі, што рэвізоры запамінаюць людзей, якія ўваходзяць разам з імі. А пры запоўненасці транспартнага сродка ў 75% яны не ажыццяўляюць рэвізіі — таму не бойцеся, што вас згубяць у перапоўненым тралейбусе.

P.S. Падчас фатаграфавання валідатараў у салоне трамвая да журналіста «НН» падышла кандуктарка. Яна выслухала пра паездку да тэставага стэнда ў «Мінсктрансе» і цікаўнасць мінчукоў да тэмы, але потым з усмешкай паведаміла, што «ўсё адно іх [валідатараў—К.Х.] у трамваях палова не працуе».

Кірыла Хілько