Skype гатовы перадаваць ФСБ Расіі дадзеныя карыстальнікаў

Карпарацыя Microsoft - уладальнік сэрвісу Skype - гатовая перадаваць праваахоўным органам Расіі дадзеныя карыстальнікаў.

16.01.2014 / 07:27

Гэта датычыцца інфармацыі аб перамовах, перапісцы і абмене дадзенымі. Такая выснова вынікае з адказу прэс -службы Microsoft на запыт ІТАР-ТАСС.

«Microsoft пацвярджае сваю прыхільнасць працаваць у поўнай адпаведнасці з расійскім заканадаўствам, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, дзе кампанія вядзе свой бізнэс. Пры прыняцці любога закона мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з яго патрабаваннямі», - паведамілі ў прэс-службе карпарацыі.

Нагадаем, у Дзярждуму Расіі уносіцца пакет паправак у антытэрарыстычнае заканадаўства. Паводле якога адбудецца пашырэнне паўнамоцтваў Федэральнай службы бяспекі і ўзмоцніцца кантроль за інтэрнэтам.

У прыватнасці, у тэксце паправак гаворыцца, што фізічная або юрыдычная асоба, што арганізоўвае камунікацыі карыстальнікаў у інтэрнэце, «абавязана захоўваць інфармацыю аб прыёме, перадачы, дастаўцы і апрацоўцы галасавой інфармацыі, пісьмовага тэксту, малюнкаў, гукаў або любога роду дзеянняў, учыненых карыстальнікамі пры распаўсюдзе інфармацыі і (або) абмене дадзенымі, на працягу шасці месяцаў з моманту заканчэння такіх дзеянняў і прадастаўляць згаданую інфармацыю ўпаўнаважаным дзяржаўным ворганам…». Якія канкрэтна дадзеныя павінны будуць захоўвацца і перадавацца, вызначыць урад, калі закон будзе прыняты.

Згодна з папраўкамі, перамовы ў Skype з карыстальнікам з Расіі будуць лічыцца аказаннем паслуг сувязі ў Расіі.