У ЗША курсантаў за спісванне караюць
Афіцэраў BПC ЗША, адказных за запускі міжкантынентальных балістычных ракет, падазраюць у падмане пры праходжанні кваліфікацыйных тэстаў, перадае The Los Angeles Times.
16.01.2014 / 09:53
BПC ЗША ў сераду заявілі аб тым, што праверка праводзіцца ў дачыненні да 34 службоўцаў авіябазы «Мальстрэм» у штаце Мантана.
Камандуючы BПC ЗША генерал Марк Энтані Уэлш на прэс-канферэнцыі ў Пентагоне заявіў, што некаторыя афіцэры знаходзяцца пад следствам па падазрэнні ў абмене тэкставымі паведамленнямі з адказамі на пытанні тэста, іншыя падазраюцца ў тым, што ведалі пра падман і нічога не зрабілі.
Інцыдэнт выплыў у ходзе расследавання ў дачыненні да двух афіцэраў авіябазы, якія падазраюцца ў захоўванні наркотыкаў.
У цяперашні час усе 34 афіцэры адхіленыя ад службы, а яшчэ 600 чалавек будуць пераздаваць кваліфікацыйны экзамен.
Па словах сакратара ВПС ЗША Дэбары Лі Джэймс, афіцэры паказалі «абсалютна непрымальныя паводзіны».
На інцыдэнт адрэагаваў таксама міністр абароны ЗША Чак Хейгл, які заявіў, што «глыбока занепакоены» падманам і рашуча падтрымлівае «жорсткія крокі BПC, прынятыя ў адказ».