У Пецярбургу, перад 70-мі ўгодкамі прарыву блакады, здымаюць з прыпынкаў рэкламу нямецкіх брэндаў

17.01.2014 / 10:58

Гарадскі цэнтр рэкламнай прадукцыі Пецярбурга разаслаў рэкламным агенцтвам прадпісанне з 15 студзеня прыбраць з часткі раёнаў горада вонкавую рэкламу брэндаў з Германіі.

Такое нечаканае рашэнне абумоўлена набліжэннем дзвюх знамянальных дат — 18 студзеня адзначаецца Дзень прарыву блакады Ленінграда (1944), а 27-га — 70-гадовы юбілей поўнага зняцця блакады.

Як піша газета «Деловой Пецярбург», зняць рэкламу трэба на галоўных магістралях Пецярбурга — Маскоўскім, Неўскім праспектах і іншых, а таксама ў раёне гарадскіх могілак, і толькі на некалькі дзён. Пасля гэтага постэры можна будзе вярнуць на месца.

У «Волгобалт Медіа» пацвердзілі, што факс быў, і паведамілі, што прыйшлося з пяці прыпынкаў транспарту прыбраць рэкламу MediaMarkt. Страт аператар не панёс, кантракты ўдалося перагледзець.