У нядзелю каталікі адзначаюць Грамніцы

02.02.2014 / 01:06

У нядзелю, 2 лютага, каталікі адзначаюць Грамніцы (15 лютага іх святкуюць праваслаўныя). Царкоўная назва свята «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» — «Стрэчанне».

На Грамніцы ў цэрквах свецяць свечкі, колісь яны аберагалі хаты ад перуна.

Народная мудрасць кажа: «Грамніцы — палавіна зіміцы, маразоў палавіцы», ад сёння сонца павяртае на вясну.

Народныя прыкметы такія: «Як на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я вол наесца травіцы», «Як на Грымніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга».

Гэтымі днямі ў Беларусі марозна. Год таму, у 2013 г., на 2 лютага ў Беларусі была адліга, і вясна затрымалася. У сярэдзіне сакавіка наогул прыйшоў цыклон «Хаўер».

У ЗША і Канадзе сёння — Дзень сурка.

Лічыцца, што вясна будзе ранняй, калі сурок вылезе з нары і не спалохаецца свайго ценю, інакш вясны прыйдзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.

Праўда, прыкметы Амерыкі на Беларусь не распаўсюджваюцца, дый суркі ў нас не водзяцца.