Сям’я Луцкевічаў: у якіх умовах гадаваліся стваральнікі беларускай незалежнасці
Пра радзіну Яна і Антона Луцкевічаў піша Анатоль Сідарэвіч.
15.02.2014 / 09:56
Жонкі пана Яна Баляслава
Тое, што адстаўны капітан царскай арміі пан Ян Баляслаў Луцкевіч быў блізка знаёмы з панам Вінцэнтам Якубам Дуніным-Марцінкевічам, здаецца, ужо агульнавядомы факт. Як і той факт, што Беларускі Дудар настойліва раіў пану Яну Баляславу жаніцца:
Кінь жыццё бурлацкае,
а пашукай жынкі,
Маладой, прыгожай і любяшчай
цебе,
Каб усі зайздравалі і глыталі слінкі.
Верш гэты («Заўтра Спаса, кажуць людзе…») паэт напісаў у 1868 годзе. Вянчаўся ж Ян Баляслаў Луцкевіч праз няпоўныя 6 гадоў — 24 чэрвеня 1874 года, на Яна Прадвесніка.
Жонкаю 43-гадовага шляхецкага кавалера стала панна Казіміра Асяцімская. Ад Казіміры ў пана Яна Баляслава нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877–1953) і Марыя Алёйзія (1876–1914).
Можна думаць, што пані Казіміра Луцкевічава памерла ў 1878-м ці на пачатку 1879-га, бо ўжо ўвесну 1880 года пана Яна Баляслава вянчалі другі раз — у Радашковіцкім касцёле (праз два гады ў тым самым касцёле будуць хрысціць Яна Луцэвіча — Янку Купалу).
Другою жонкаю 49-гадовага чыноўніка Лібава-Роменскай чыгункі стала 23-гадовая панна Зоф’я Лычкоўская, дачка ўладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, што каля Краснага. Ад другое жонкі ў пана Яна было пяць дзяцей: Ян Герман (1881—1919), Вікторыя (?–?), Антон (1884–1942), Эмілія (1886–1974) і Стэфан (Сцяпан; 1889–1947).
Дзеці Луцкевічаў: малы Ян (сядзіць) з сёстрамі Станіславай (злева), Вікторыяй і Марыяй Алёйзіяй
Каля імя Вікторыі Луцкевічанкі пытальнікі пастаўлены таму, што дзяўчынка памерла ў маленстве і належныя дакументы аб яе нараджэнні і смерці пакуль што не выяўлены. Тут трэба зацеміць таксама, што малодшы з братоў Луцкевічаў атрымаў сваё імя ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, які загінуў у сутычцы з царскім войскам у 1863 годзе. Пра тое, што Стэфан Луцкевіч-старэйшы быў паўстанцам, Антон Луцкевіч пісаў у лісце да прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Юзафа Каленбаха — таго самага, які абгрунтаваў беларускае паходжанне Міколы Гусоўскага.
Асобна трэба сказаць пра Яна Германа. У Расійскай Імперыі ўсе «нярускія» імёны наколькі магчыма русіфікаваліся. І Ян Герман стаў Іванам.
Перамена імя была выклікана і тым, што Яну Герману даводзілася жыць і працаваць у пераважна расійскамоўным асяроддзі. Для родных, для многіх сяброў Грамады і нашаніўцаў ён заставаўся Янам. Гэта сведчыла Зоська Верас.
Адукацыя
І пан Ян Баляслаў, і пані Зоф’я дбалі пра адукацыю дзяцей, іх выхаванне і, ведама ж, дабрабыт. Пачнем з апошняга. Яшчэ трэба даследаваць дакументацыю Лібава-Роменскай чыгункі, каб высветліць, якія пасады займаў бацька сямёх дзяцей, якія ў яго былі прыбыткі. Ва ўсякім разе нам вядома, што Луцкевічы сталі менскімі домаўладальнікамі. Іх двор з домам ды іншымі пабудовамі знаходзіўся на вуліцы Хрышчэнскай, на тэрыторыі сучаснага Купалаўскага парка, недалёка ад Музея Янкі Купалы.
Нічога не магу пакуль сказаць пра адукацыю Станіславы і Марыі Алёйзіі, а малодшая Луцкевічанка, Эмілія (па-хатняму Міля), вучылася ў Беластоцкім інстытуце шляхетных дзяўчат. Што ж тычыцца сыноў, дык Ян і Антон скончылі Менскую мужчынскую класічную гімназію і абодва паступілі ў Пецярбургскі імператарскі ўніверсітэт. Іван вучыўся на юрыста; апроч таго, ён — з дзяцінства аматар даўніны і калекцыянер — займаўся ў Археалагічным інстытуце.
Маладыя Луцкевічы рана сталі палітыкамі, і гэта не магло не адбіцца на іх вучобе. Якая вучоба, калі адзін сядзіць у славутых піцерскіх «Крастах», а другі — у Пішчалаўскім замку, а потым абмежаваны ў праве перамяшчэння?
Тым не менш дакладна вядома, што Іван стаў дыпламаваным археолагам. Што ж тычыцца Антона, дык маецца яго curriculum vitae, у якім чытаем: «Праслухаў поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта ўніверсітэта ў Пецярбургу (дзяржаўных экзаменаў не здаваў), потым вывучаў права ва ўніверсітэце ў Дорпаце» (Дорпат — гэта па-нямецку Дэрпт, па-расейску Юр’еў, а па-эстонску Тарту).
Такім чынам, закончанай вышэйшай адукацыі Антон не меў, але ў яго была моцная гімназічная база, многае ж ён дабраў самаадукацыяй.
З копіі пашпарта Антона Луцкевіча, якую засведчыў дырэктар Віленскай беларускай гімназіі ксёндз Адам Станкевіч, мы можам даведацца, што ён размаўляў па-польску, беларуску, французску і нямецку. Чамусьці ў пашпарце не адзначана, што А. Луцкевіч валодаў і расійскай мовай. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў. Апроч таго, мы маем сведчанні, што ён перакладаў тэксты з лаціны і старажытнагрэцкай.
Малодшы Луцкевіч, Сцяпан, у палітыку не ўмешваўся і таму паспяхова вывучыўся на лекара.
Універсітэт у Дорпаце ён скончыў перад самай Першай сусветнай вайной і адразу ж быў мабілізаваны. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх у Вільні захоўваюцца дакументы, з якіх вынікае, што Луцкевічу ў Юр’еў неаднаразова пераводзіліся грошы: 25, 50, і нават 100 рублёў. Можна думаць, старэйшыя браты дапамагалі малодшаму.
Выхаванне
А. Луцкевіч пісаў, што ў іх сям’і, якая «жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настраеннямі», заўсёды панаваў дэмакратычны дух. Можна дапусціць, што ў сям’і Луцкевічаў жыла памяць аб Вялікімі Княстве Літоўскім і дзяцей выхоўвалі ў краёвым духу. Аднак краёўства ў шляхецкіх сем’ях мела польскую афарбоўку. З тае прычыны, што ў школах Паўночна-Заходняга краю польская мова не вывучалася, маладых Луцкевічаў вучылі дома. Думаецца, выпрацоўваць польскае маўленне, засвойваць культуру польскай мовы дзецям пана Яна Баляслава і пані Зоф’і дапамагала бонна. Гэта не гувернантка, не нянька, а хутчэй памочніца маці ў выхаванні дзяцей. Бонну мы бачым на адным з сямейных здымкаў.
Выхаваныя ў польскай культуры, сёстры, Станіслава і Эмілія, пісалі свае лісты Антону выключна па-польску. Польскаю моваю карысталася ў перапісцы і пляменніца Яніна (пазней Каханоўская).
У 1925 годзе Яніна пісала з Мінска дзядзьку ў Вільню, што польскую сямігодку яна скончыла і паступіла на прыродазнаўчае аддзяленне агульнаадукацыйных курсаў, дзе навучанне вядзецца па-беларуску і па-расійску. Беларускую мову, паведамляла пляменніца, яна ведае, а вось з расійскай «troch? trudności».
Шлях да Беларусі
Гімназічныя гады Івана і Антона прыпалі на цікавы час. Да 1890-х сфармавалася ўкраінская (кіеўская) гістарычная школа, бацькам якой быў Уладзімір Антановіч. З ягоных «Манаграфіяў па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» беларускія гісторыкі чэрпалі веды аб Вялікім Княстве і ў савецкі час. Вучнем Антановіча быў, у прыватнасці, Міхайла Грушэўскі. Вучнем Антановіча быў і пачынальнік беларускай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі. Яшчэ два вучні — Пётр Галубоўскі і Васіль Данілевіч — выдалі ў 1890-я кнігі з гісторыі Смаленскай і Полацкай земляў, якія таксама нямала паслужылі беларускім гісторыкам у савецкі час.
Я не выключаю, што творы У. Антановіча і яго вучняў паўплывалі на братоў Луцкевічаў, асабліва на цікаўнага да гісторыі Яна. У той час адна за адной выходзілі беларусазнаўчыя кнігі этнографаў, фалькларыстаў і мовазнаўцаў.
Гэта толькі здаецца, што ўсё беларускае (беларусінскае, русінскае) замерла ці памерла ў Паўночна-Заходнім краі. Насамрэч яно ніколі не памірала.
Не забывайма, што ў 1890-я выйшлі кнігі Францішка Багушэвіча, перш-наперш «Дудка беларуская» з прадмовай-маніфестам беларускага нацыяналізму. Не выключаю, што сярод бацькавых папер юныя Луцкевічы маглі знайсці і кніжкі Дуніна-Марцінкевіча. Ва ўсякім разе ягоныя творы яны чыталі. Але на фармаванне асобы не меншы ўплыў, чым кнігі, маюць асабістыя кантакты. Калі браты Луцкевічы прыехалі ў сярэдзіне 1890-х з Лібавы, дзе служыў бацька, у Менск, дык тут было каму на іх паўплываць.
Аб той пары ў Менску жылі два дзівакі і два фанаты, якія вылучаліся з польска- і расійскамоўнага інтэлігенцкага асяроддзя падкрэсленай беларускасцю.
Першы з іх — археолаг, гісторык і калекцыянер Генрых Францішак Татур, якога адзін тагачасны польскі дзеяч назваў беларусам-нацыяналістам і ворагам палякаў, другі — мастак, паэт і фалькларыст Казімір Кастравіцкі, які ўвайшоў у гісторыю беларускага руху як Карусь Каганец. Уплыў Татура на Яна Луцкевіча засведчыў у сваіх успамінах рэдактар-выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, які таксама быў вучнем гэтага чалавека. Пра ўплыў Каганца лапідарна згадаў Антон Луцкевіч.
Сёстры, брат і пляменнікі
Пачнем не з большай Станіславы, а з наступнай Луцкевічанкі, Марыі, якая ў замустве мела прозвішча Плявака. Пра яе мала чаго магу сказаць. Ведаю, што яе магіла — побач з бацькавай на Кальварыі. Пайшоўшы з гэтага жыцця, яна пакінула чатырох сірот. Дзяцей у пачатку 1920-х забрала да сябе ў Варшаву Станіслава. Большы з іх, Вацлаў Плявака, у 1939 годзе служыў у Войску Польскім і трапіў у савецкі палон. Як і тысячы польскіх вайскоўцаў, ён быў расстраляны, але не ў Катыні, а ў Пяціхатках пад Харкавам.
Пра Станіславу я ведаю пакуль толькі тое, што яна жыла ў Варшаве. Яе лісты да Антона захоўваюцца ў віленскай бібліятэцы імя Урублеўскіх.
Больш мы ведаем пра малодшую з Луцкевічанак, Эмілію.
З Антонавых успамінаў «За дваццаць пяць гадоў» можна зразумець, што малодшая сястра ведала пра сякія-такія таямніцы братоў-сацыялістаў. Замуж яна выйшла за чалавека, таксама блізкага да сацыялістаў. Яе муж, інжынер і педагог Аляксандр (Алесь; Oleś, як пісала Эмілія ў лістах да Антона), быў родным братам аднаго з заснавальнікаў Сацыялістычнай Грамады, адваката Антона Шабуні. У Эміліі і Алеся Шабуняў было трое дзяцей: Яніна, Марыя і Эдвард (Эдзюня, Дзюнік). 3 жніўня 1936 года яе арыштавалі як сябра контррэвалюцыйнай групы, а ў 26 ліпеня 1938 года вызначылі меру пакарання: 2 гады лагераў.
Можна сказаць, што сястра пайшла ўслед за малодшым братам, Сцяпанам, якога ГПУ лічыла сувязніком паміж нацдэмам Янкам Купалам і віленскім нацфашыстам Антонам Луцкевічам. Доктара Луцкевіча, які працаваў у 3-й менскай гарадской больніцы, а ў драматычным 1930-м аказваў першую дапамогу свайму суседу Янку Купалу, у 1934 годзе саслалі на Беламорска-Балтыйскі канал. У Беларусь ён ужо не вярнуўся. Пахаваны на поўначы Расіі, у Манчагорску Мурманскай вобласці.
У 1936 годзе ў рукі НКВД трапіла і меншая дачка Эміліі Шабуні, Марыя, якая скончыла Менскі медыцынскі інстытут. Яна атрымала 3 гады лагераў за антысавецкую прапаганду.
Доктар Шабуня таксама не вярнулася ў Беларусь. З 1939 г.працавала рэнтгенолагам у Манчагорску. Лічыцца пачынальніцай рэнтгеналогіі ў гэтым горадзе. Выйшла замуж за агранома Сяргея Чапялёва. У час вайны доктару Чапялёвай давялося быць хірургам і тэрапеўтам. Узнагароджана медалямі «За абарону Запаляр’я» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне». У 1973 г. выйшла на пенсію. Жыла ў Пецярбургу, брала ўдзел у жыцці беларускай дыяспары і Таварыства ахвяр сталінізму «Мемарыял».
Эмілія Шабуня пасля этапаў вярнулася ў Менск. Тут заставаліся яе большая дачка Яніна і сын. Яна зноў была суседкай Янкі Купалы і Купаліхі. Гэты сюжэт, таксама іншыя сюжэты, звязаныя з міжваенным жыццём малодшай Луцкевічанкі, я пастараюся выкласці ў наступнай публікацыі.