Януковіч прапанаваў абвясціць 9 сакавіка Днём нацыянальнага прымірэння
14.02.2014 / 09:18
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч прапанаваў абвясціць 9 сакавіка — дзень нараджэння Тараса Шаўчэнкі — Днём нацыянальнага прымірэння ўкраінскага народа.
З такой ініцыятывай Януковіч выступіў падчас сумеснага пасяджэння Грамадскай гуманітарнай рады і Каардынацыйнай рады па пытаннях падрыхтоўкі і святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Т.Р.Шаўчэнкі.
«Прыйшоў той час, калі мы павінны паглядзець, перш за ўсё, на нашай зямлі адзін аднаму ў вочы і сказаць, пра што мы марым. Калі сёння перамір'е, то за перамір'ем павінен быць мір», — сказаў Януковіч.
Па яго перакананні, увядзенне Дня нацыянальнага прымірэння з'яўляецца неабходнасцю сённяшняга дня. «Калі мы гаворым пра адзінства, мы спыняем разлад паміж рэгіёнамі і яднаемся. Гэтага сёння патрабуе ад нас Украіна», — адзначыў ён.