Лукашэнка запатрабаваў паскорыць будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку
14.02.2014 / 11:58
Аляксандр Лукашэнка патрабуе тэрміновых мер па паскарэнні будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.
На гэтым ён акцэнтаваў увагу сёння, выступаючы на нарадзе па пытаннях Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.
Лукашэнка запатрабаваў аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі і выразнага абазначэння дзеянняў для паскарэння будаўніцтва парку. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтаму маштабнаму праекту надаецца асаблівае значэнне.
Ён з'яўляецца не толькі знакавым прыкладам стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, але і важным стымулюючым фактарам развіцця эканомікі.
Паводле слоў Лукашэнкі, рэалізацыя гэтага праекта адкрывае перспектывы ўкаранення высокіх тэхналогій, а таксама перадавога сусветнага вопыту вядзення бізнесу, менеджменту, будаўніцтва і кіравання прамысловымі прадпрыемствамі. Аб'ёмы работ і капіталаўкладанняў вялізныя. Бо, па сутнасці, побач са сталіцай узводзіцца новы горад, ствараецца самастойная тэрытарыяльна-эканамічная адзінка. Тут не толькі размяшчэнне інавацыйных, экспартаарыентаваных вытворчасцей, але і стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей.
Лукашэнка падкрэсліў, што спецыяльным указам быў устаноўлены льготны падатковы рэжым, які дае магчымасць вытрымаць канкурэнцыю як на рынку Мытнага саюза, так і Еўрапейскага саюза. «Створаны асаблівы дзяржаўна-прыватны механізм кіравання паркам, сфарміраваны адпаведныя арганізацыйныя структуры», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы выказаў нездавальненне тэмпамі стварэння парку. Яго насцярожвае, што, нягледзячы на вялікае дзяржаўнае значэнне, якое надаецца парку, працэс яго стварэння ідзе вельмі марудна, калі не сказаць, што не ідзе ніяк. Паводле слоў Лукашэнкі, «гэта яшчэ адна хіба з боку ўрада і адказных асоб». Напрыклад, толькі на распрацоўку і ўзгадненне генеральнага плана пайшло восем месяцаў, што недапушчальна доўга.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што да гэтага часу не расстаўлены ўсе кропкі ў пытаннях фінансавання гэтага праекта.
«Мы дамаўляліся, што парк - гэта не проста скопішча нейкіх прадпрыемстваў, тым больш якія ўжо існуюць у Беларусі і вырабляюць пэўныя тавары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Навошта, напрыклад, новы трактарны завод у парку, завод па вытворчасці грузавых аўтамабіляў? Тыя прадпрыемствы, якія ўжо ёсць у Беларусі, у парку не патрэбны. Мы дамовіліся, што ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, калі і ствараць прамысловую вытворчасць, то яна павінна быць самай перадавой, і, зразумела, на гэтай тэрыторыі павінны быць прадстаўлены перспектыўныя прадпрыемствы, сусветныя брэнды». Гэтыя пытанні Лукашэнка даручыў узяць на кантроль прэм'ер-міністру і сёння хоча пачуць рэальную сітуацыю спраў і, у прыватнасці, колькі брэндаў у гэтым парку.
Лукашэнка закрануў таксама тэму інфармацыйнай работы па прыцягненні ў парк рэзідэнтаў. «МЗС разаслала па пасольствах 1,5 тыс. брашур, аб гэтым зрабілі справаздачу і кропка, ляглі на дно, чакаюць. Што вы чакаеце?» - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яму прадставілі праект новага ўказа па парку. «Я не супраць абмеркаваць гэты ўказ. Але баюся, што яго можа напаткаць лёс папярэдняга, падпісанага ўказа (аб стварэнні парку. - Заўвага БЕЛТА)», - адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, навошта патрэбны новы дакумент. Ён запатрабаваў аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі і прапаноў па паскарэнні будаўніцтва парку.
Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: «Калі гарачыя галовы, якія прапаноўвалі гэты парк, сёння астылі і лічаць, што ён краіне не патрэбны, набярыцеся мужнасці і скажыце пра гэта. Нам чарговая свабодная эканамічная зона не патрэбна - патрэбны суперсучасныя вытворчасці, фабрыкі, заводы, дзе будуць вырабляць запатрабаваную ў свеце прадукцыю, самыя перадавыя прадпрыемствы. Не патрэбны нават рабочыя месцы, як мы прывыклі гаварыць, у нас усе людзі працаўладкаваны, наадварот, рабочых рук не хапае». Патрэбны высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Для таго, каб стварыць такую вытворчасць у Беларусі, лічыць Прэзідэнт, ёсць усё. «І самае галоўнае - чалавек і стабільнасць у дзяржаве, якой сёння не хапае многім дзяржавам. Інвестары шукаюць, як яны кажуць, ціхую гавань, каб размясціць свае капіталы, прадпрыемствы, спакойна працаваць, выпускаць патрэбную прадукцыю», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-