Буйнога банкаўскага махляра з Магілёва затрымалі ў расійскім Ліпецку
14.02.2014 / 12:36
Супрацоўнікамі расійскай паліцыі ў Ліпецку затрыманы жыхар Магілёва, які чатыры гады знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку за крадзеж амаль $400 тыс.
Падазраваны, з'яўляючыся супрацоўнікам аднаго з беларускіх банкаў, у 2010 годзе перавёў на сваю банкаўскую карту амаль Br1,5 млрд. Памяняўшы іх на $400 тыс., ён збег з краіны.
Супрацоўнікі паліцыі высветлілі, што 41-гадовы падазраваны пражываў у розных гарадах Цэнтральнага чарназем'я. У Ліпецку ён быў затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне.
«Зламыснік знаходзіцца ў следчай турме ў чаканні дэпартацыі», — паведамілі ў прэс-цэнтры.