З Дняпра каля Міжгор'я вылоўліваюць чорную бухгалтэрыю Януковіча ФОТЫ

22.02.2014 / 14:09

У рэзідэнцыі Януковіча Міжгор'е знайшлі дакументы, якія плавалі ў вадзе каля прычала на Дняпры.

Як паведаміў карэспандэнт Украінскай праўды, актывісты збіраюць іх, каб апублікаваць.

Сярод дакументаў ёсць звесткі пра дадатковую аплату работнікам ДПС у далярах, хабару на тэндэрах, выдаткі на спецкватэры і загоны для страўсаў.

Як паведаміў супрацоўнік УГА, які застаўся ў Міжгор'і — маёр Белавус — апошні верталёт уздымаўся з тэрыторыі Міжгор'я 2 дні таму. Пры гэтым, паводле яго слоў, у апошнія дні вельмі актыўна з Міжгор'я курсіравалі машыны.

Белавус не ўдакладніў, былі гэта машыны грузавыя або легкавыя.

Каля прычала Міжгор'я знойдзеныя купы попелу — там палілі паперы. Частку, відаць, разнёс вецер, а некаторыя проста не паспелі спаліць і скінулі ў раку.

Тысячы людзей гулялі сёння па рэзідэнцыі Міжгор'е, якая стала сімвалам карупцыі ва Украіне. Толькі будматэрыялы для гэтага прыватнага комплексу каштавалі 9,5 млн еўра. Унутр будынкаў самаабарона Майдану нікога не пускала.