«Прарасейскія» палітыкі Украіны становяцца пракіеўскімі

24.02.2014 / 09:24

Палітыкі з партыі зрынутага прэзідэнта Віктара Януковіча адзін за адным і цэлымі групамі аб'яўляюць аб лаяльнасці да новай улады, прыводзячы ў засмучэнне сваіх радавых прыхільнікаў і расійскіх прарокаў расколу Украіны.

Адзін з самых палымяных праціўнікаў Еўрамайдану, мэр Харкава Генадзь Кернес, у нядзелю вярнуўся ў горад пасля нядоўгага знаходжання за мяжой і заявіў, што прэзідэнт Януковіч — «гэта ўжо гісторыя», а ён гатовы плённа супрацоўнічаць з новай уладай у Кіеве на карысць жыхароў Харкава.

Усяго за дзень да гэтага ў Харкаве прайшоў арганізаваны Кернесам і губернатарам Харкаўскай вобласці Міхаілам Добкіным з'езд дэпутатаў усіх узроўняў Паўднёва-Усходу Украіны, які абвясціў, што да аднаўлення парадку і законнасці ў Кіеве мясцовыя адміністрацыі рускамоўнай часткі краіны бяруць «усю паўнату ўлады ў свае рукі».

Адразу пасля з'езду Добкін і Кернес выехалі ў Расію, але на наступны дзень вярнуліся, і па першых заявах Кернеса можна было здагадацца, што, з яго пункту гледжання, «законнасць і парадак» у Кіеве ўжо адноўлены.

«Сёння ўжо фармуецца ўлада, ёсць ужо некаторыя міністры, ёсць кіраўнік Вярхоўнага савета — мы павінны супрацоўнічаць на карысць грамадзян [ …] Я лічу, што тое, што тычыцца прэзідэнта Януковіча, — гэта ўжо гісторыя. Давайце рухацца далей, давайце глядзець наперад», — сказаў Кернес у аэрапорце Харкава, куды прыляцеў, паводле яго слоў, з дзелавой сустрэчы ў Жэневе.

«Ніякага сепаратызму, ніякага федэралізму ў мяне і ў думках ніколі не было!» — запэўніў Генадзь Кернес.

Увесь час, пакуль перамога Майдану здавалася практычна немагчымай, Кернес і яго сябар і паплечнік, губернатар Добкін, былі самымі бязлітаснымі ворагамі апазіцыі. Добкін прыходзіў на пасяджэнне абласнога савета ў майцы з «лагатыпам» спецназа міліцыі «Беркут», Кернес у інтэрв'ю казаў, што на Майдане сабраліся «адны адмарозкі», што палова лідараў Еўрамайдану — геі, і носьбіты «іншых каштоўнасцяў», з імі не па шляху, абодва заяўлялі пра гатоўнасць мабілізаваць сваіх прыхільнікаў на барацьбу з Майданам.

У Харкаве ж гэтыя прыхільнікі збівалі апазіцыянераў і разганялі іх мітынгі.

Генадзь Кернес зусім не самотны ў сваёй гатоўнасці супрацоўнічаць з тымі, з кім яшчэ два дні таму быў гатовы змагацца бязлітасна і да канца.

Большасць дэпутатаў ад партыі Януковіча — Партыі рэгіёнаў — у Вярхоўнай Радзе ўжо тры дні паслухмяна галасуюць за ўсе прапанаваныя нядаўняй апазіцыяй рашэнні. У нядзелю ж Партыя рэгіёнаў выступіла з заявай, у якой усклала ўсю віну за кровапраліцце ў Кіеве збеглага прэзідэнта.

«Украіне здрадзілі, а людзей сутыкнулі лбамі. Уся адказнасць за гэта ляжыць на Януковічы і яго бліжэйшым атачэнні», — заявіў кіраўнік фракцыі ПР у парламенце Аляксандр Яфрэмаў, якога адправілі зачытаць заяву партыі на камеру.

У заяве, якая спрабуе выратавацца ад поўнага знішчэння ўчорашняй « партыі ўлады», сцвярджаецца, што многія члены партыі спрабавалі паўплываць на Януковіча, але гэта аказалася немагчымым.

Губернатар Данецкай вобласці Андрэй Шышацкі ў публічным звароце запэўніў, што ён, а таксама ўплывовы алігарх Рынат Ахметаў і іншыя «паважаныя людзі Данбаса» — за адзіную Украіну.

Аб неабходнасці захаваць адзінства Украіны і непрыманні сепаратызму казалі амаль усе прамоўцы на суботнім Харкаўскім з'ездзе.

Харкаўскі «майдан» зараз, пасля перамогі кіеўскага Майдану, міліцыя ахоўвае, а не разганяе — як і ў іншых гарадах на ўсходзе Украіны

Самыя актыўныя шараговыя прыхільнікі, умоўна кажучы, прарасейскага курсу, увасабленнем якога ў апошнія тры месяцы лічыўся прэзідэнт Януковіч, не так гнуткія, як іх палітычныя лідары. У суботу і нядзелю ў некалькіх вялікіх гарадах Усходу і Поўдня Украіны працягваліся іх дэманстрацыі і — зрэдку — сутыкненні з «рэвалюцыянерамі».

Генадзь Кернес адразу з аэрапорта ў нядзелю дэманстратыўна накіраваўся супакойваць «майдан» і «антымайдан», які шумеў на розных канцах велізарнай цэнтральнай плошчы Харкава.

«Давайце будзем разумнейшымі, давайце будзем дабрэйшымі да гэтых маладых людзей, якія схавалі свае твары за маскамі, напэўна, выпілі нейкай вадкасці, не разумеюць, што робяць. Мы ж старэйшыя, мы ж разумнейшыя», — казаў Кернес сваім прыхільнікам, паказваючы ў бок «майдану» ў абласной адміністрацыі.

Маладыя людзі ў зручных трэніровачных штанах, наўрад ці старэйшыя за сярэдняга ўдзельніка «майдану», некаторыя дакладна нападпітку, здзіўлена глядзелі на мэра.

«О, а што гэта ён сказаў?» — збянтэжыўся адзін з іх. «Кажа, майданаўцаў нельга біць», — перавёў карэспандэнт Бі-бі-сі. «А што ж тады рабіць?» — уражаны тым малады чалавек.

Да таго, як перамог кіеўскі Майдан, такія маладыя людзі пры папушчальніцтве ўладаў збівалі апазіцыянераў.

«Ён любіць пераможцаў»

Адстаўны палкоўнік Уладзімір Іваноў ніякіх дакладных слоў у лаяльнасці да новых уладаў у заявах мэра Кернес не пачуў.

«Ён папрасіў нас, каб не было тут сутычак. Але калі гэтая бандэраўская брыда пойдзе сюды, то, натуральна, мы, харкаўчане, станем на абарону нашага горада і будзем яго тут абараняць да апошняй кроплі крыві. Нашы бацькі і дзяды ваявалі — і мы будзем ваяваць з імі… На нашай зямлі, велікарускай зямлі, якая распасціраецца ад Карпат да Курылаў, ім рабіць няма чаго», — сказаў Уладзімір Іваноў Рускай службе Бі-бі-сі.

Паміж зваротамі да сваіх прыхільнікаў Генадзь Кернес ў суправаджэнні аховы хадзіў размаўляць і з «майданам» — і знайшоў яшчэ менш паразумення.

«Я прашу вас спыніць дэстабілізаваць сітуацыю», — спрабаваў Кернес перакрычаць «майдан», які заблякаваў абласную адміністрацыю. Але яго было чуваць толькі ў радыусе трох метраў.

« Гепу - на нары!» — роў Харкаўскі «майдан» колькасцю ў некалькі сотняў чалавек. Мянушку Гепа, як распавядаюць харькаўчане, Генадзь Кернес атрымаў у маладосці ў пэўных колах. У 1992 годзе ён быў судзімы за махлярства і перапродаж крадзенага.

«У мяне нейкія сумныя ўспаміны пра тое, як ён ужо пераходзіў з аднаго лагера ў іншы. Ён любіць, вядома, пераможцаў. Гэтая яго слізкая натура мне не па душы», — сказаў Бі-бі-сі ўдзельнік харкаўскага «майдану», жыхар горада Іван.

Кернес «пераходзіў з аднаго лагера ў іншы» пасля мінулай рэвалюцыі. У 2004 годзе ён стаяў на сцэне «аранжавага» Майдану. Многія ўкраінскія палітыкі з тагачасных «аранжавых» пасля лёгка змянялі лагеры — многія мяняюць і цяпер.