Януковіч абвешчаны ў вышук

24.02.2014 / 12:07

Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч знік у невядомым кірунку, яго аб'явілі ў вышук. Пра гэта паведаміў в.а. міністра ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.

«Інфармую на сённяшнюю раніцу. Распачата крымінальная справа па масавых забойствах мірных грамадзян. Януковіч і шэраг іншых службовых асоб абвешчаныя ў вышук», — напісаў ён у Facebook.

Таксама Авакаў распавёў пра тое, што рабіў Януковіч пасля таго як 21 лютага ў пятніцу ён у суправаджэнні Андрэя Клюева вылецеў верталётам з Кіева ў Харкаў.

22 лютага ён верталётам паляцеў у аэрапорт Данецка. Па прыбыцці туды ён разам з суправаджэннем перасеў на два прыватныя самалёты тыпу Фалькон і спрабаваў вылецець. Аднак памежная служба перашкодзіла гэтаму.

23 лютага ён прыбыў у Крым.

Там Януковіч спыніўся ў адным з прыватных санаторыяў, наўмысна, як падкрэслівае Авакаў, ігнаруючы дзяржаўныя спецаб'екты, у тым ліку — спецыялізаваную прэзідэнцкую дзяржаўную дачу, на якую раней хацеў прыехаць.