У Баранавіцкім раёне п'яны кіроўца збіў супрацоўніка ДПС

Пасля наезду кіроўца паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Супрацоўнік ДПС з траўмамі змешчаны ў бальніцу.

24.02.2014 / 12:28

Выпадак здарыўся ўвечары 23 лютага паблізу вёскі Вялікае Сяло Баранавіцкага раёна.

Як паведамілі ў праваахоўных органах, адзін з міліцыянтаў убачыў, як мужчына купляе ў краме спіртное, а пасля садзіцца за руль. Падазраючы, што кіроўца можа быць нецвярозы, міліцыянт перадаў інфармацыю пра яго па рацыі найбліжэйшаму нараду ДПС.

Калі падазроны аўтамабіль пад'язджаў да вёскі Вялікае Сяло, яго ўжо чакаў нарад ДАІ.

Інспектар ДПС выйшаў, каб спыніць машыну, але замест таго, каб прытармазіць, кіроўца збіў міліцыянта і паспрабаваў уцячы.

У ходзе плана «Перахоп» парушальніка затрымалі. Выявілася, што ён ужо быў судзімы за ўчыненне ДТЗ, у якім двое чалавек атрымалі сур'ёзныя траўмы.

Міліцыянт у выніку здарэння атрымаў траўмы і быў шпіталізаваны. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.