Левандоўскі і «Барусія» адпомсцілі «Зеніту» за зламаныя насы сваіх заўзятараў у Пецярбургу

25.02.2014 / 21:56

У расійскім Санкт-Пецяпрбургу прайшоў матч 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж «Зенітам» і «Барусіяй» Дортмунд. Нямецкі клуб атрымаў гасцявую перамогу з лікам 4:2 (Мхітаран, 4, Рэус, 5, Левандоўскі, 61, 71 — Шатаў, 58, Халк, 69).

Матч перад пачаткам быў азмрочаны непрыемным інцыдэнтам.

Група нямецкіх заўзятараў падверглася нападу ў цэнтры горада. Заўзятары гасцявой каманды, што прагульваліся па цэнтры Санкт-Пецярбурга, былі атакаваныя групай прыхільнікаў «Зеніта».

Пацярпелі ад 50 да 60 немцаў, некаторыя абышліся зламанымі насамі і атрымалі іншыя дробныя пашкоджанні.

Цэнтр расійскага горада патрулявалі групы заўзятараў «Зеніта», якія складаліся з пары дзясяткаў чалавек, што шукалі заўзятараў «Барусіі».