Беларусь рэзка нарасціла імпарт рабочай сілы

Пачынаючы з 2009 года імпарт працоўнай сілы ў Беларусь паводле афіцыйнай статыстыкі перавышае экспарт працоўных рэсурсаў, паведаміла дырэктар НДІ пры Мінпрацы Святлана Шаўчэнка.

26.02.2014 / 09:45

Па афіцыйна падпісаных дамовах і кантрактах у Беларусі з моманту здабыцця незалежнасці і да 2009 года экспарт працы пастаянна перавышаў імпарт. Аднак у апошнія 5 гадоў сітуацыя змянілася, і сальда працоўнай міграцыі паводле падпісаных дамоваў і кантрактаў стала адмоўным.

З 2005 па 2012 год колькасць афіцыйна зарэгістраваных працоўных-мігрантаў, што ўехалі ў Беларусь, павялічылася ў 28 разоў.

«У апошнія гады геаграфія краін, з якіх у Беларусь прыязджаюць працаваць на аснове дамоваў і кантрактаў, істотна пашыраецца. У 2013 годзе ў рэспубліку прыцягвалася рабочая сіла з 81 дзяржавы», — паведаміла Шаўчэнка.

Усяго ў 2013 годзе з гэтых краін у Беларусь заехала 18,18 тыс. працоўных-мігрантаў.

Да 2008 года адным з пастаўшчыкоў працоўнай сілы ў Беларусь была Расія, аднак у 2009 годзе быў зарэгістраваны ўсяго адзін працоўны мігрант з гэтай краіны, а ў 2010—2013 гадах — ніводнага. Цяпер асноўным пастаўшчыком працоўнай сілы ў Беларусь стала Украіна. У 2012 годзе грамадзяне Украіны склалі 33% працоўных мігрантаў, у 2013 годзе — амаль 38% (усяго ў мінулым годзе ў Беларусь заехала 6,928 тыс. працоўных-мігрантаў з Украіны). Далей па аб'ёмах патокаў працоўных мігрантаў ідуць такія краіны, як Кітай, Турцыя, Узбекістан, Літва, В'етнам, Малдова, Грузія, Арменія, Латвія, Азербайджан, Таджыкістан, Бангладэш, Польшча, Паўночная Карэя.

Варта адзначыць, што гаворка ідзе толькі пра афіцыйныя дадзеныя, якія не ўключаюць незарэгістраваны (шэры і чорны) экспарт працоўнай сілы ў Расію, дзе па неафіцыйных дадзеных працуе да 1 млн беларускіх грамадзян.