Сярэдні заробак у студзені склаў 5,32 млн, знізіўшыся на 10%
26.02.2014 / 10:03
У студзені сярэдняя заработная плата ў Беларусі склала 5,32 млн. рублёў, пры гэтым ва ўсіх абласцях яна была ніжэйшай за сярэднерэспубліканскі ўзровень, сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.
Так, паводле даных за студзень, сярэдняя заработная плата ў Брэсцкай вобласці склала 4,64 млн. рублёў, у Віцебскай — 4,75 млн. рублёў, у Гомельскай — 4,97 млн. рублёў, у Гродзенскай — 4,78 млн. рублёў, у Мінскай — 5,12 млн. рублёў, у Магілёўскай — 4,72 млн. рублёў. Толькі ў Мінску зарплата перавышала сярэднерэспубліканскі ўзровень і склала 7,17 млн. рублёў.
У параўнанні са снежнем, калі традыцыйна за кошт дадатковых выплат даходы насельніцтва вышэйшыя, у студзені намінальная заработная плата знізілася на 9,4%, рэальная (з улікам інфляцыі) — на 10,5%.
У параўнанні са студзенем 2013 года намінальная заработная плата за першы месяц 2014 года была вышэйшая на 21,6%, рэальная — на 5,8%. Разам з тым трэба адзначыць, што ў апошнія месяцы росту даходаў насельніцтва ў краіне не назіраецца. Цяперашняга ўзроўню (5,3 млн. рублёў) сярэдняя заработная плата дасягнула яшчэ ў трэцім квартале 2013 года.
Беларускія ўлады раней выказвалі занепакоенасць у сувязі з тым, што на працягу 2013 года рост зарплат апярэджваў тэмпы росту прадукцыйнасці працы. За мінулы год рэальная (з улікам інфляцыі) зарплата павялічылася на 15,8%, прадукцыйнасць працы — на 2,2%.
Як паведамлялася раней, пры падрыхтоўцы бюджэту на 2014 год Міністэрства фінансаў закладвала нязменнасць узроўню рэальнай заработнай платы ў бюджэтнай сферы. Рост зарплат бюджэтнікаў у рэальным выражэнні Міністэрства фінансаў рэкамендуе мясцовым органам улады забяспечваць за кошт аптымізацыі колькасці работнікаў бюджэтнай сферы і сеткі бюджэтных арганізацый.
Сярэдняя заработная плата ў бюджэтнай сферы ў студзені 2014 года склала 3,97 млн. рублёў, у тым ліку ў ахове здароўя — 3,8 млн. рублёў, у адукацыі — 3,62 млн. рублёў. У адносінах да студзеня 2013 года зарплата работнікаў аховы здароўя ў намінальным выражэнні павялічылася на 17%, работнікаў адукацыі — на 19%. У рэальным выражэнні (з улікам інфляцыі) сярэдняя зарплата ў сферы адукацыі павялічылася за апошні год на 3,6%, у ахове здароўя — на 2,3%.