Краўчук, Кучма, Юшчанка: Расія адкрыта ўмешваецца ў жыццё Крыма

26.02.2014 / 11:57

Экс-прэзідэнты Украіны Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка заявілі, што Расія звярнулася да прамога ўмяшання ў палітычнае жыццё Крыма, тады як павінна быць гарантам суверэнітэту Украіны ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве трох былых прэзідэнтаў, перададзенай прадстаўніком Юшчанкі Ірынай Ваннікавай.

«Палітычны крызіс ва Украіне, які пачаўся ў канцы лістапада мінулага года, толькі робіць першыя крокі да свайго вырашэння», — адзначылі яны.

Фарміраванне новай большасці ў Вярхоўнай Радзе, аднаўленне Канстытуцыі 2004 года, рэфармаванне ўрада, праваахоўнай і судовай сістэм, пакаранне арганізатараў і выканаўцаў разгонаў пратэстаў — неабходныя рэчы для нармалізацыі жыцця ва Украіне, згаджаюцца экс-прэзідэнты.

«Адкрытасць і галоснасць — неабходная ўмова вырашэння любых праблем. Сёння асабліва небяспечна спешна вырашаць вострыя міжнародныя, міжканфесійныя і моўна-культурныя праблемы. Іх абавязкова выкарыстоўваюць антыўкраінскія сілы, каб скампраметаваць новую ўкраінскую ўладу», — мяркуюць экс-прэзідэнты.

Яны ўказваюць на «раздзіманне сепаратысцкіх настрояў на поўдні і ўсходзе Украіны», калі пасля правальнага з'езда дэпутатаў мясцовых саветаў у Харкаве пачаліся «іншыя спробы».

«Расія, якая ўвесь час называла «ўмяшаннем» ва ўнутраныя справы Украіны спробы нашых міжнародных партнёраў урэгуляваць сітуацыю палітычным шляхам, зараз сама звярнулася да прамога ўмяшання ў палітычнае жыццё Крыма», — заяўляюць Краўчук, Кучма і Юшчанка.

Краўчук, Кучма і Юшчанка нагадваюць, што «Расія разам з Вялікабрытаніяй і ЗША з'яўляюцца гарантамі суверэнітэту Украіны ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі».