Аэрапорт Сімферопаля таксама захоплены

Яго занялі ўзброеныя вайскоўцы, якія гавораць па-расейску.

28.02.2014 / 07:26

Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, прыкладна 150 вайскоўцаў прыбылі ў аэрапорт на КамАЗах увечары чацвярга.

Учора ўранку ўзброеныя людзі захапілі парламент і ўрад Крыма. Пасля гэтага дэпутаты парламента нібыта абвесцілі пра адстаўку ўрада і правядзенне рэферэндуму аб пашырэнні статусу аўтаноміі паўвострава. Нібыта — бо ў залу не былі дапушчаны журналісты і супрацоўнікі сакратарыята, а ў прысутных дэпутатаў адабралі сродкі сувязі.

Кіеў заявіў у чацвер, што не будзе ўжываць сілавых метадаў, каб не справакаваць процістаяння.

Новаабвешчаны прэм'ер Крыма заявіў, што прызнае прэзідэнтам краіны Віктара Януковіча.

У Крыме большасць складаюць рускія. Украінцы і татары, якія падтрымліваюць адзінства Украіны —у меншасці. Расія мае ў Крыме вялікую вайсковую базу ў Севастопалі.

Мікола Бугай