Навальнага змясцілі пад хатні арышт, забараніўшы карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, сустракацца з людзьмі

28.02.2014 / 13:26

Басманны суд Масквы 28 лютага змясціў апазіцыянера Аляксея Навальнага пад хатні арышт да 13 чэрвеня. Навальнаму забаронена пакідаць кватэру без дазволу следчага, а таксама карыстацца тэлефонам, поштай і інтэрнэтам, кантактаваць з кімсьці, акрамя сваякоў, і даваць каментары па крымінальнай справе.

Паводле следства, Навальны, якога абвінавачваюць у крадзяжах і адмыванні грошай па справе «Іў Рашэ», неаднаразова парушаў умовы падпіскі аб нявыездзе. Навальны прасіў пакінуць яго пад падпіскай аб нявыездзе пад заклад 500 тысяч расійскіх рублёў (каля 14 тыс. даляраў). Апазіцыянер заявіў, што ўзмацненне жорсткасці меры стрымання стала б перашкодай для яго палітычнай дзейнасці, бо ён не зможа ўдзельнічаць у кампаніі па выбарах у Масгардуму.

У студзені следства абвінаваціла Навальнага ў парушэнні падпіскі аб нявыездзе. Апазіцыянер нібыта наведваў Маскоўскую вобласць. Сам Навальны настойвае, што выязджаў у Падмаскоўе з дазволу следчага.

Навальны ўжо быў прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ўмоўна паводле абвінавачванняў у махлярстве па «справе Кіраўлеса». Па справе «Іў Рашэ» ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Зараз Навальны знаходзіцца ў СІЗА. У аўторак, 25 лютага, яго арыштавалі на сем сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку фігурантаў балотнай справы на Манежнай плошчы.