На Ліпковіча завялі справу за распальванне вогнішча ў забароненым месцы

28.02.2014 / 14:19

Як стала вядома «Нашай Ніве», РУУС Першамайскага раёна Мінска завяло на блогера Яўгена Ліпковіча справу аб адміністрацыйным правапарушэнні за распальванне вогнішчаў у забароненым месцы.

Мужчына, што прадставіўся ўчастковым РУУС Першамайскага раёна Мінска, спрабаваў выклікаць па тэлефоне журналіста «НН», які асвятляў акцыю Ліпковіча, на допыт у якасці сведкі.

Нагадаем, што Яўген Ліпковіч спаліў у аўторак у Севастопальскім парку кнігу расійскага фантаста Сяргея Лук'яненкі ў знак пратэсту супраць выказванняў Лук'яненкі пра падзеі ва Украіне і забарону перакладаць свае кнігі на ўкраінскую мову.

Артыкул 15.58 «Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах» Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папярэджвання ці штрафу да 12 базавых велічыняў (1 560 000 рублёў).

NN.BY