Лаўроў: Рыхтуюцца правакацыі супраць Чарнаморскага флота

03.03.2014 / 13:52

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што цяпер паступае інфармацыя аб падрыхтоўцы новых правакацый супраць Чарнаморскага флоту РФ на тэрыторыі Украіны, паведамляюць ria.ru.

«Паступае інфармацыя аб падрыхтоўцы новых правакацый, у тым ліку супраць Чарнаморскага флоту Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны», — паведаміў Лаўроў, выступаючы ў панядзелак на сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе.

«У такіх умовах законна абраныя ўлады Крыма звярнуліся да прэзідэнта Расіі з просьбай аказаць садзейнічанне ў аднаўленні спакою ў гэтай аўтаномнай рэспубліцы. Зварот у поўнай адпаведнасці з расійскім заканадаўствам быў накіраваны ў Савет Федэрацыі. Савет Федэрацыі падтрымаў дадзены зварот, які, мы спадзяемся, працьверазіў радыкалаў. Паўтару, гаворка ідзе аб абароне нашых грамадзян і суайчыннікаў, аб абароне самага галоўнага права чалавека — права на жыццё», — сказаў Лаўроў.

«Тыя, хто спрабуюць трактаваць бягучую сітуацыю ва Украіне ці ледзь не як нейкую агрэсію, пагражаюць разнастайнымі санкцыямі і байкотам — гэта тыя ж самыя нашы партнёры, якія паслядоўна і настойліва заахвочвалі блізкія ім палітычныя сілы да ультыматуму, адмовы ад дыялогу, да ігнаравання заклапочанасцяў поўдня і усходу Украіны і ў выніку — да палярызацыі ўкраінскага грамадства», — дадаў кіраўнік МЗС РФ.

Як вядома, у 1938-1939 гадах нямецкая прапаганда вінаваціла чэхаў і палякаў у правакацыях на мяжы і абвінавачвала іх ва ўціску нямецкамоўнага насельніцтва.