Беларусы, любіце сваіх мастакоў: слова Апостальскага Нунцыя на развітанне з Рыгорам Барадуліным

05.03.2014 / 10:30

«Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа, Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі, якімі беларускае сэрца вітае гасцей: «Калі ласка, Рыгор»», — такія словы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці скіраваў на Імшу развітання з Рыгорам Барадуліным, якая прайшла 4 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.

фота Tut.by

У той момант, калі Касцёл аддае апошнюю зямную пашану вялікаму паэту, давяраючы яго міласэрнай любові Бога, прагну і я маліцца разам з вамі. 

Глыбокае і тонкае мастацтва Рыгора Барадуліна - гэта голас маўклівай душы беларускага народа. У ім паэзія і духоўнасць яднаюцца ў моцных абдымках. Таму нерухомае маўчанне ягонага нежывога цела можа ўспрымаць як апошні жэст творчасці гэтага хрысціяніна і паэта.

Мова — гэта інструмент, якім карыстаецца Бог, каб размаўляць з народам.

Таму яна святая і вартая, каб яе шанавалі і любілі, як маці. На гэтым інструменце Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мелодыі і дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосці.

Барадулін хацеў таксама, каб шляхетныя паэты іншых культур маглі паўтарыць свае спевы на беларускай мове.

Разам з іншымі незвычайнымі аўтарамі ён прычыніўся да перакладу «Рымскага Трыпціха» Яна Паўла ІІ, якога крыху больш чым праз месяц Каталіцкі Касцёл абвесціць святым. 

Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа, Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі, якімі беларускае сэрца вітае гасцей: «Калі ласка, Рыгор».

Дарагія беларусы, любіце вашых мастакоў — вялікіх і шматлікіх.

Яны вучаць вас уздымаць свае вочы ўгору, да Бога надзеі, да жыватворнага сонца, якое ззяе ў вашым вечна прывабным небе, абуджаючы ў вас сілы да штодзённага ўваскрасення. 

Божа, благаславі Беларусь і яе народ, з яго даверлівай мовай і пяшчотнымі спевамі.