Нацбола Паліенку збілі ў Кастрычніцкім РУУСе Мінска

19-гадовага Дзмітрыя Паліенку затрымалі 4 сакавіка.

06.03.2014 / 15:20

 

«Мяне затрымалі ў раёне былога Чэрвенскага рынку каля 23.30 супрацоўнікі міліцыі. Ім, відаць, не спадабалася графіці «Далоў паліцэйскую дзяржаву!». З агрэсіяй паставіліся. Казалі нешта кшталту, што я не паважаю міліцыю. Пагражалі ныркі адбіць. Закінулі ў машыну і адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС. Але доказаў таго, што я наносіў графіці, у іх няма.

У аддзяленні мне заламалі рукі, паклалі на падлогу — зрабілі «ластаўку», здзекваліся. Калі сцішыліся, я папрасіў выклікаць «хуткую» — мне стала кепска. Але яны не рэагавалі. Тады прыстрашыў, што разгрызу сабе вены. Праігнаравалі. Тады я пачаў ускрываць вены — толькі для таго, каб прыцягнуць увагу — і адзін супрацоўнік схапіў мяне і стукнуў аб сцяну. Я страціў прытомнасць на непрацяглы час. А калі апрытомнеў, з’явіўся нейкі іх начальнік. І тады толькі выклікалі «хуткую».

Хлопца адвезлі ў бальніцу. Там наклалі швы, дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мозгу.

Дзмітрый кажа, што ў міліцыі складаўся пратакол, але яму не паказвалі.

«Упэўнены, што ў любы момант мяне могуць забраць дзе заўгодна».

Дзмітрый будзе падаваць скаргу ў пракуратуру.

Дзмітрый Паліенка — актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху. Неаднаразова затрымліваўся за вулічныя акцыі. Апошні раз, 26 снежня, ён атрымаў 15 сутак арышту.

Сяргей Макарэвіч