Філарэт гаварыў пра рэлігію, дэмакратыю і агульнаэўрапейскі дом
А таксама пра лучнасьць палітыкі, эканомікі й рэлігіі.
23.10.2007 / 11:15
Рэлігія з’яўляецца самым успрымальным арганізмам грамадства. Такую думку выказаў сёння Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі перад удзельнікамі другога дыспуту, прысвечанага памяці Іаганеса Рау, на тэму «Палітычная і эканамічная трансфармацыя ў Еўропе на прыкладзе зямлі Брандэнбург», які адкрыўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаганеса Рау.
Паводле слоў прадстаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы, «сапраўднае становішча спраў у чалавечым грамадстве абвергла заведама памылковае, але распаўсюджанае меркаванне, што сферы палітыкі, эканомікі і рэлігіі раздзелены паміж сабой».
Мітрапаліт Філарэт сказаў, што цяпер культуры свету маюць усё больш цесныя кантакты адна з адной у гэтых сферах. Ён лічыць, што, нягледзячы на афіцыйную секулярызацыю, унутраныя традыцыі еўрапейскага грамадства трывала заснаваны на хрысціянскай культуры. Гэта, паводле яго слоў, датычыцца не толькі такіх паняццяў, як асоба, свабода, розум, але і агульначалавечых правоў, дэмакратыі і грамадзянскай адказнасці. Хрысціянская царква з’яўляецца асновай, якая аказвае вялікі ўплыў на будаўніцтва агульнаеўрапейскага дома, лічыць свяшчэннаслужыцель.