Апазыцыі падкінулі "траяна"?
Былы электарат Лукашэнкі, перастаючы верыць у "дзяржаву для народу", ня надта, аднак, кідаецца грымець пустымі каструлямі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
23.10.2007 / 19:54
"Сацыяльны марш" чакана паслалі на Бангалёр. Генэрал Фралоў, адзін з заяўнікаў, пахваліў мэрыю, што хоць загадзя паведаміла. Хаця гэта можа быць ход траянскім канём.
Згадайма: і на Дзень Волі, і падчас "Эўрапейскага маршу", матывуючы ўпартае імкненьне трапіць на Кастрычніцкі пляц, апазыцыйныя лідэры трымаліся тае легенды, што многія удзельнікі ня ведаюць пра зьмену маршруту. Цяпер легенда можа не прайсьці, і тады арганізатарам мала ня здасца.
Зрэшты, ня выключана, што сярод заяўнікаў пераможа настрой на тое, каб "не абвастраць". Ва ўсякім разе, генэрал Фралоў, здаецца, трымаецца правіла, што добрыя ваякі заўжды ідуць у абыход:)
Калі б гэта сапраўды быў марш пустых каструляў, як патэтычна заяўляюць асобныя правадыры, то маршрут, пэўна, ня меў бы для меркаванага кантынгенту ("апалітычных абываталяў") такога прынцыповага значэньня, як для "эўрапейцаў" ("Пляц Каліноўскага — гэта сьвятое!"). Аднак ёсьць вялікі сумнеў, што на акцыю масава выйдуць тыя, каго насамрэч капітальна саджае на мель неабходнасьць купляць малако на сто рублёў даражэй.
Болей імаверна, што касьцяк маніфэстантаў складуць не разгневаныя пэнсіянэры зь ліку расчараванага "цьвёрдага электарату", а звыклыя тыпажы. То бок — партыйныя актывісты (хіба што з большай доляю левых), палітычна няўрымсьлівая інтэлігенцыя, журналісты, "людзі ў цывільным"... Моладзі можа быць і меней, бо студэнтаў, у якіх адбіраюць ільготы, адукацыйная вэртыкаль ды "органы" трымаюць у вожыкавых рукавіцах.
Сацыялёгія сьведчыць: пры тым што падае доля прыхільнікаў улады і рэйтынг кіраўніка дзяржавы, штыкоў у тытульнай апазыцыі ня большае (дый і без НІСЭПД бачна!). Былы электарат Лукашэнкі, перастаючы верыць у "дзяржаву для народу", папаўняе пасыўнае грамадзкае балота. Ён ціха бурчыць на кухні ці, у скрайнім выпадку, напаўголасу мітынгуе ля цэньнікаў у краме.
Чаму так — асобная тэма для развагаў.
Тым часам палітоляг Валер Карбалевіч пасьля "Эўрапейскага маршу" выказаў меркаваньне: мусіць, пяць тысячаў (плюс-мінус...) і ёсьць паказчыкам мабілізацыйнага патэнцыялу апазыцыі на сёньняшні дзень — незалежна ад тэмы акцыі, яе лёзунгаў і маштабаў агітацыйнай кампаніі. Дадамо: бадай, і незалежна ад маршруту.
Пабачым, ці здолее "Сацыяльны марш" абвергнуць гэтую гіпотэзу.