У Літву прыбыў віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн
19.03.2014 / 12:03
Джо Байдэн (у цэнтры) паміж прэзідэнтам Латвіі Берзіньшам і Даляй Грыбаўскайце, фота lrytas.lt
Гэта адзін з першых візітаў віцэ-прэзідэнтаў ЗША ў Літву з 2006 года.
Самалёт Байдэна здзейсніў пасадку ў міжнародным Віленскім аэрапорце 18 сакавіка, у 20.07. Высокапастаўленага госця сустрэлі міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус і амбасадар ЗША ў Літве Дэбара-Эн Макартні.
Байдэн прыбыў у Вільню з Варшавы, дзе абяцаў дапамогу Польшчы і краінам Балтыі, сустрэўся з прэм'ерам Дональдам Тускам, прэзідэнтам Браніславам Камароўскім і кіраўніком Эстоніі Таамасам-Хендрыкам Ільвесам, якія знаходзяцца ў Польшчы з афіцыйным візітам.
19 сакавіка адбудзецца двухбаковая сустрэча Байдэна і прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. На гэтай сустрэчы асаблівую ўвагу нададуць забеспячэнню бяспекі краін Балтыі. Кіраўнік Літвы таксама будзе размаўляць з госцем аб двухбаковых адносінах і абмяркоўваць становішча ва Украіне.
Пасля двухбаковай сустрэчы пройдзе трохбаковая сустрэча з удзелам Грыбаўскайтэ, Байдэна і прэзідэнта Латвіі Андрыса Берзіньша.
Пасля гэтага плануецца выступленне кіраўнікоў Літвы і Латвіі і віцэ-прэзідэнта ЗША перад СМІ. Будзе весціся жывая трансляцыя ў інтэрнэце і на тэлеканале ЛРТ. Трансляцыю ў інтэрнэце можна ўбачыць на сайце www.prezidentas.lt.
Па словах Грыбаўскайтэ, ЗША - стратэгічны партнёр і саюзнік краін Балтыі, які цвёрда падтрымлівае бяспеку Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Па дадзеных палітычных аглядальнікаў, візіт Байдэна ў Літву - напамін расейцам пра тое, што Амерыка мае цвёрдыя абавязацельствы перад краінамі Балтыі і Польшчай, таму Расіі варта паводзіць сябе асцярожна, паколькі скрозь пальцы на пагрозу ў дачыненні да гэтых краін глядзець не будуць.
Байдэн прыбыў у Літву пасля таго, як Расія паведаміла аб далучэнні Крыма. Кіеў, ЗША і ЕС заявілі, што не прызнаюць «рэферэндум» і лічаць яго незаконным.
У верасні 2013 года Літву наведаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. У снежні 2011 года з візітам у Літву прыязджала дзяржсакратар Хілары Клінтан.