Яцанюк: Украіна падпіша эканамічную частку Дамовы з ЕС пасля выбараў прэзідэнта
20.03.2014 / 23:28
Украіна будзе гатовая падпісаць эканамічную частку пагаднення з ЕС пасля выбараў прэзідэнта [25 мая]. Пра гэта заявіў прэм'ер Арсень Яцанюк пасля завяршэння саміту Еўрапейскай народнай партыі.
«Мы будзем гатовыя падпісаць эканамічную частку пагаднення з ЕС пасля прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, але фактычна мы ўжо зараз пачынаем працэс эканамічных зрухаў», — заявіў Яцанюк.
Прэм'ер падкрэсліў, што падпісанне пагаднення — гэта «фактычна прызнанне таго, што Украіна становіцца часткай аб'яднанай еўрапейскай прасторы».
Ён таксама дадаў, што магчымасць выхаду на еўрапейскі рынак і нявыплата адпаведных імпартных пошлін дасць украінскай эканоміцы магчымасць атрымаць звыш 400 млн даляраў за першы год.
Палітычную частку пагаднення з Еўропай Яцанюк павінен падпісаць 21 сакавіка.