«Шпігель»: Амерыканцы праслухоўвалі Лукашэнку

30.03.2014 / 09:23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і былы прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка ўвайшлі ў спіс палітыкаў, за якімі сачыла Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША.

Пра гэта паведамляе нямецкі часопіс Spiegel, які атрымаў адпаведныя дакументы ад былога супрацоўніка амерыканскіх спецслужбаў Эдварда Сноудэна.

У апублікаваным спісе, разам з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, былым прэм'ер-міністрам Малайзіі Абдулой Бадави, былым прэзідэнтам Самалі Абдула Юсуф, фігуруе і імя беларускага прэзідэнта.

Насупраць кожнага прозвішча паказана колькасць перахопленых спецслужбай рэплік з размоваў згаданых лідэраў.

На апошнім месцы ў спісе, які змяшчае усяго 122 прозвішчы, паказаная Юлія Цімашэнка. Дадзены спіс складзены па меншай меры пяць гадоў таму, бо ў ім яна лічыцца як прэм'ер- міністр Украіны.

Раней выданне Wall Street Journal са спасылкай на неназваныя крыніцы ў амерыканскім урадзе паведаміла, што АНБ скончыла праслухоўваць тэлефонныя размовы канцлера Германіі і іншых сусветных лідэраў пасля скандалу, які пачаўся летам 2013 года.

Паводле дадзеных выдання, АНБ больш пяці гадоў сачыла прыкладна за 35 кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў свету.

Эдвард Сноудэн ў чэрвені 2013 перадаў газетам Washington Post і Guardian сакрэтныя матэрыялы аб праграмах сачэння спецслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі.

Паводле дадзеных АНБ, у распараджэнне журналістаў магло трапіць да 200 тысяч сакрэтных дакументаў. Пасля іх перадачы Сноудэн вылецеў у Ганконг, а з 23 чэрвеня мінулага года знаходзіўся ў транзітнай зоне маскоўскага аэрапорта «Шарамеццева».

У жніўні 2013 ён атрымаў часовы прытулак у Расіі тэрмінам на год.