Расія адмовілася ад праекта пабудовы АЭС у Калінінградскай вобласці

31.03.2014 / 14:55

Краіны Еўрасаюза не хочуць купляць расійскую энергію, таму ўзвядзенне станцыі страціла эанамічны сэнс.

Расійская газета «Коммерсант» паведаміла, што Расія адраклася планаў збудаваць у Калінінградскай вобласці АЭС. Як паведаміла выданне, урад Расіі спачатку адкінуў ранейшы план збудавання АЭС сярэдняй магутнасці, а пасля — і АЭС нізкай магутнасці. Цяпер ён разглядае магчымасць пабудаваць станцыю, што будзе выпрацоўваць электраэнергію на прыродным газе або каменным вугалі.

Расія планавала пабудаваць у Калінінградскай вобласці да 2017 года АЭС магутнасцю 2,3 тыс. мегават, якая была б арыентавана на рынкі суседніх дзяржаў. Паколькі планы адносна экспарту праваліліся, летам мінулага года Масква прызнала, што праект часова прыпынены.

У той жа час Масква застаецца пры сваім жаданні пракрэдытаваць пабудову Беларускую АЭС у Астраўцы на мяжы з Літвой. Яе пляцоўка была выбрана Аляксандрам Лукашэнкам таксама з разлікам на пастаўкі электраэнергіі ў Балтыю.

Былы прэм'ер Літвы Аляксандр Абішала мяркуе, што размовы пра будаўніцтва АЭС у Калінінградскай вобласці былі палітычным праектам і дымавой заслонай. «Я думаю, што гэты выпадак быў дваісты — аказаць ціск, каб не будавалася [Вісагінская] станцыя і каб краіны Балтыі не сінхранізавалі электрасеткі з Еўрапейскім Саюзам», — заявіў Абішала на Delfi.lt.

Паводле яго словаў, даўно было ясна, што ў Калінінградзе не можа быць ніякай атамнай станцыі. Ён мяркуе, што рашэнне Расіі згарнуць гэты праект можа азначаць, што расійскія аналітыкі палічылі: краіны Балтыі не будуць будаваць сваёй АЭС у Вісагінасе, а таму можна спыніць і дымавыя заслоны.

Сяргей Гезгала