Лукашэнка: Для дэнамінацыі ўсё гатова, грошы аддрукаваныя, прыгожыя, да еўра падобныя

абноўлена

02.04.2014 / 13:38

Для дэнамінацыі ў Беларусі ўсё гатова, у тым ліку аддрукаваныя новыя грашовыя знакі, але неабходна вычакаць зручны час.

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, размаўляючы ў Баранавічах з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод».

«Прыйдзе час, мы гэта зробім. Я ўжо вам шчыра казаў, што гэтая валюта (новыя грашовыя знакі) у нас надрукаваная адносна даўно — прыгожая, на еўра падобная», — сказаў ён.

«Але для гэтага (дэнамінацыі) патрэбен момант, час, каб эканоміка пачала працаваць, каб была пэўная стабільнасць», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што правядзенне дэнамінацыі — гэта чыста тэхнічнае пытанне. «Але ў нас жа народ які? А, мяняюць: пабег, трэба скупіць, памяняць на даляры, еўра і г.д.», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама заклікаў не бегаць па абменніках, а траціць нацыянальную валюту на набыццё неабходных пакупак. «Пажадана, каб у абменнікі вы не хадзілі, а хадзілі ў крамы і куплялі для сябе ўсё, што неабходна», — сказаў ён.