Лукашэнка: На Захадзе нарастае разуменне вычарпанасці інструментара ціску на Беларусь
08.04.2014 / 12:18
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Рады бяспекі.
«На шчасце, у заходніх экспертных палітычных колах, хай і запознена, але нарастае разуменне вычарпанасці цяперашняга інструментара ціску на Беларусь. Гучаць заклікі да выпрацоўкі новых поглядаў і падыходаў», — сказаў ён.
Гаворачы аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што турніры такога маштабу заўсёды маюць палітычны падтэкст. «Спорт даўно ўжо стаў вялікай палітыкай, і вельмі часта нават, рызыкну сказаць, у большасці сваёй палітыкай бруднай і непрыстойнай», — мяркуе ён.
«Нельга забываць, што вакол гэтага чэмпіянату нямала спекуляцый. Пачынаючы ад заклікаў нашых апазіцыянераў, так званай пятай калоны, байкатаваць спаборніцтвы і да спроб шантажу з боку замежных нядобразычліўцаў», — нагадаў Лукашэнка.
«Асобныя заходнія палітыкі з кан'юнктурных меркаванняў спрабавалі «накруціць сітуацыю» вакол правядзення турніру ў Мінску, выкарыстоўваючы самыя ўдасканаленыя метады інфармацыйнага ціску. Замест аб'ектыўнага аналізу сітуацыі ў Беларусі яны аддаюць перавагу атрымліваць інфармацыю з вельмі ангажаваных крыніц, вылучаюць надуманыя прэтэнзіі і палітычныя патрабаванні», — сказаў Лукашэнка.